2011-02-15 14:50:06

“L’Ossеrvatore Romano”: кардынал Пьячэнца аб цэлібаце святароў


RealAudioMP3 Кардынал Маўро Пьячэнца, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства, нагадвае ў сённяшнім выданні ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano” найбольш важныя прамовы і дакументы папы Бэнэдыкта ХVI на тэму цэлібату святароў. Кардынал Пьячэнца пачынае з апостальскай постсінадальнай адгартацыі “Sacramentum caritatis” ад 22 лютага 2007 года, у якой Святы Айцец падкрэслівае “адносіны паміж цэлібатам і Эўхарыстыяй”.

Кардынал піша: “калі гэтая тэалогія будзе прынята належным чынам і сапраўды будзе ўведзена ў жыццё Касцёла, будучыня цэлібату будзе светлай і плённай, таму што будзе будучыняй свабоды і святасці святароў. Такім чынам, мы можам казаць не толькі аб “абранніцкай прыродзе” цэлібата, але і аб яго “эўхарыстычным характары”, які вынікае з ахвяры, якую Хрыстус увесь час дае з Сябе для Касцёла і якая відавочным чынам адлюстроўваецца ў жыцці святароў”.

Кардынал Пьячэнца таксама адзначае шматлікія выступленні Бэнэдыкта ХVI на гэту тэму ў часе нядаўняга Году святарства. На заканчэнне кардынал сцвярджае: “як бы Касцёл мог жыць без мужчын, гатовых пацвердзіць у цяперашні час, таксама і перш за ўсё праз уласнае цела, рэчаіснасць Бога? Гэтыя сцверджанні знайшлі ажыццяўленне і ў пэўным сэнсе ўвянчэнне ў надзвычайнай гаміліі на заканчэнне Году святарства, у якой папа Бэнэдыкт ХVI маліўся, каб мы, як і Касцёл, былі свабоднымі ад меншых сканадалаў, каб здзейсніўся сапраўдны “скандал гісторыі”, якім ёсць Езус Хрыстус”.







All the contents on this site are copyrighted ©.