2011-02-14 14:30:47

Калумбія: епіскапат з надзеяй аб новым прэзідэнце краіны


RealAudioMP3 Старшыня епіскапату Калумбіі, арцыбіскуп Рубэн Саласар Гомэс, сказаў, што “праблема Калумбіі – не толькі ва ўзброеным канфлікце з партызанамі, але ў сацыяльным канфлікце, звязаным з такімі праблемамі як: беднасць, размеркаванне багацця і зямлі”.

8 лютага Прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантос Кальдэрон сустрэўся ў сталіцы краіны Багаце з каталіцкім епіскапатам. Гэта была яго першая афіцыйная сустрэча з іерархамі ў якасці кіраўніка дзяржавы. Біскупы ў размове з Прэзідэнтам закранулі не толькі пытанні, звязаныя з узброенным канфліктам і сацыяльнымі праблемамі, яны выказалі сваю заклапочанасць у сувязі з сітуацыяй вакол адукацыі і гуманітарнай дапамогі ахвярам стыхійных бедстваў, асабліва паводак.

11 лютага калумбійскія біскупы сустрэліся таксама з міністрам абароны, вайсковым камендантам і начальнікам паліцыі. Усе вайсковыя функцыянеры выказалі гатоўнасць развіваць супрацоўніцтва з Касцёлам у рамках праграмы дэмабілізацыі партызанаў і вяртання іх у грамадства. Падкрэслілі крызіс каштоўнасцяў і неабходны ўклад Касцёла ў маральнае аднаўленне краіны. Начальнік паліцыі звярнуў увагу на сувязь гандлю наркотыкамі са злачыннымі групамі і ўплыў гэтай сітуацыі на паглыбленне сацыяльнага і ўзброенага канфліктаў. Ён запэўніў у супрацоўніцтве паліцыі з праграмамі касцёльнай дапамогі для ахвяраў стыхійных бедстваў.







All the contents on this site are copyrighted ©.