2011-02-13 13:53:54

Апостальская Сталіца ў ААН: трэба вучыцца на памылках старэючых і бяднеючых грамадстваў


RealAudioMP3 У імя так званага развіцця і барацьбы з беднасцю не можна прыносіць у ахвяру сям'і, дзяцей і правы чалавека. На гэта звярнуў увагу на форуме ААН прадстаўнік Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат. Ён выступіў падчас дэбатаў Камісіі сацыяльнага развіцця, прысвечаных барацьбе з беднасцю.

Ватыканскі дыпламат нагадаў пра лёс некаторых развітых краін, якія паддаліся фальшывай ідэі, што шлях да багацця і развіцця палягае на скарачэнні прыросту насельніцтва. Аказалася, што гэтыя грамадствы хутчэй састарэлі, чым пабагацелі, і сёння маюць праблемы з забеспячэннем асноўных сацыяльных паслуг.

Паходзячы з Індыі іерарх адзначыў, што хуткі эканамічны рост перажываюць менавіта тыя краіны, якія маюць найбольшы чалавечы капітал. "Дзеці і моладзь гэта найлепшы і адзіны спосаб справіцца з сацыяльнымі і эканамічнымі праблемамі, - сказаў арцыбіскуп Чулікат. - Прычынай беднасці не з’яўляецца занадта вялікая колькасць дзяцей, але занадта скупыя інвестыцыі ў іх развіццё".

Гісторыя паказвае, што дзеці вяртаюць шмат больш таго, што ўкладваецца ў іх. Для паспяховага развіцця яны, аднак, маюць патрэбу ў сям'і. Калі яна слабая, калі належна не ацэньваецца яе адукацыйная і інтэграцыйная роля, будучыя пакаленні будуць духоўна і псіхічна аслабленымі, што ў сваю чаргу паўплывае на сацыяльна-эканамічнае жыццё, - заявіў у ААН пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.