2011-02-12 13:26:40

Ватыкансканскаму радыё – 80 гадоў. Гісторыя і сучаснасць папскай радыёстанцыі


RealAudioMP3 Сення спаўняецца 80 гадоў з моманту стварэння Ватыканскага радыё. Датай яго нараджэння прынята лічыць 12 лютага 1931, калі ў 16.49 у эфіры прагучалі словы італьянскага навукоўца і вынаходніка Гульельма Марконі (1874-1937). Ён абвесціў публічнае выступленне папы Пія XI, які скіраваў свой кароткі заклік да вернікаў на лацінскай мове. Гэта было першае ў гісторыі выступленне Папы, якое можна было пачуць адразу, у прамым эфіры.

Але перш чым адбылася гэта гістарычная падзея, прайшло некалькі гадоў, на працягу якіх нараджалася ідэя выкарыстання гэтага сродка камунікацыі для Касцёла і Папы. Гэта выдатнае вынаходніцтва з канца дзевятнаццатага і пачатку дваццатага стагоддзя, бесправадная перадача гуку на вялікую адлегласць, у дваццатыя гады перажывала перыяд хуткага і бурлівага развіцця, калі ўсё больш і больш краінаў Еўропы і Амерыкі пачало выкарыстоўваць яго.

Даволі хутка інтарэс выкарыстання радыё з'явіўся і ў Апостальскай Сталіцы. Італьянскі езуіт кс. Джузэпэ Джанфранчэскі ўзняў гэтае пытанне ў лісце да Рымскай курыі 25 ліпеня 1925 года. Пасля абмену лістамі з курыяй італьянскі законнік атрымаў у 1927 годзе дазвол на кантакт з Марконі, які з энтузіязмам адказаў на прапанову распрацоўкі праекту радыёстанцыі ў службе паўсюднаму Касцёлу. Паказальна, што на працягу некалькіх гадоў ён працаваў для Папы бясплатна. Пасля заключэння Латэранскіх пагадненняў праца актывізавалася. Ёй асабіста вельмі цікавіўся папа Пій XI.

12 лютага 1931 г. Быў запушчаны перадатчык і менавіта Пій XI першым прамовіў свой інаўгурацыйны заклік, які выклікаў вялікую цікавасць ва ўсім свеце. У той час радыё яшчэ не мела такога пакрыцця, як сёння, але мясцовыя радыёстанцыі ўжо існавалі ў многіх краінах, таму пасланне Пантыфіка было пачута ў розных частках свету.

Асаблівае значэнне папская радыёстанцыя набыла на пачатку Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года, становячыся каштоўным сродкам свабоднай інфармацыі, нягледзячы на складанасці і абмежаванні, якія неслі цяжкія часы. Хоць галоўны прапагандыст Трэцяга рэйха Герман Герынг абяцаў, што прымусіць Ватыканскае радыё замаўчаць, папская радыёстанцыя заставалася на працягу ўсёй вайны адной з асноўных крыніц свабоднай інфармацыі. У прыватнасці яна трансліравала заклікі Французскага руху супраціву, а яе паведамленні і каментары распаўсюджваліся таемна ў многіх месцах і асяроддзях. Падчас вайны папа Пій XII неаднаразова выступаў па радыё са сваімі заклікамі да міру.


Ужо ў першыя месяцы вайны, у студзені 1940 года, было створана Ватыканскае інфармацыйнае бюро, якое перадавала паведамленні, мэтай якіх было адшуканне асобаў страчаных у выніку ваенных дзеянняў, а таксама трансліравала весткі і пажаданні для зняволеных у лагерах і іншых месцах ад іх сем'яў. Да 1946 Ватыканскае радыё перадало больш за 1,2 мільёна такіх матэрыялаў.

Пасля вайны радыёстанцыя прыняла на сябе яшчэ адну важную задачу: перадаваць паведамленні і звароты Папы вернікам і грамадзянам тых краін, якія апынуліся за "жалезнай заслонай" на іх родных мовах.

Іншым важным этапам у дзейнасці радыёстанцыі стаў выбар 16 кастрычніка 1978 на Пятровы Пасад кардынала Караля Вайтылы. Незвычайная актыўнасць папы Яна Паўла II на многіх узроўнях дала моцны імпульс Ватыканскаму радыё.

Ужо тады хутка пачалі выкарыстоўвацца новыя тэхналогіі, якія на працягу гадоў з'яўляліся ў свеце: спадарожнікавая сувязь (з 1993 года - для Еўропы, а з 1996 года - для ўсяго свету), кампутары і Інтэрнэт. А у цяперашні час: YouTube і Twitter.

Сёння на Ватыканскім радыё на чале з італьянскім езуітам кс. Фэдэрыка Ламбардзі і яго намеснікам польскім езуітам кс. Анджэем Капроўскім, працуе 355 чалавек (240 мужчын і 115 жанчын, у тым ліку: 36 святароў і 8 законніц).

Радыё вяшчае на 45 мовах, на інтэрнэт-старонках публікуюцца навіны на 38 мовах.

Ватыканскае радыё выкарыстоўвае 39 антэн, у тым ліку 32 для кароткіх хваляў, 3 - для сярэдніх і 4 – для хваляў у лічбавым фармаце (FM + DAB + DRM), а таксама 21 перадатчык. Радыёстанцыя таксама выкарыстоўвае 8 спадарожнікавых каналаў, 2 з якіх ахоплівае Еўропу і Блізкі Усход і па 3 – краіны рэгіёнаў Атлантычнага і Ціхага акіянаў.

У 1950 г. была заснавана і беларуская рэдакцыя, якая ў мінулым годдзе адзначала 60-ю гадавіну свайго існавання.

Праграмы Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё можна слухаць на кароткіх і сярэдніх хвалях. На старонцы www.vatican.by можна знайсці дакладную і поўную інфармацыю аб дзейнасці Папы і Апостальскай Сталіцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.