2011-02-11 15:46:32

Сусветны дзень хворага


RealAudioMP3 11 лютага каталіцкі Касцёл адзначае ўжо 19 Сусветны дзень хворага.
Сусветны дзень хворага ўстанавіў 13 мая 1992 г. Cвяты Айцец Ян Павел ІІ. У той дзень супалі 75-я гадавіна аб’яўлення Маці Божай Фацімскай і 11-я гадавіна замаху на жыццё Вялікага Папы. Гэты дзень нагадвае, каб мы звярнулі асаблівую ўвагу на хворых людзей (і не толькі блізкіх), заклікае нас адарыць іх сваёй любоўю і клопатам. Варта ўбачыць тых, хто патрабуе нашай дапамогі і цеплыні сэрца.

Свята штогод адзначаецца 11 лютага, калі ў Касцёле ўспамінаюць першае аб’яўленне Маці Божай з Лурд. У 1858 г. у Лурдзе Маці Божая аб’явілася простай вясковай дзяўчынцы Бэрнардэце Субіру.

«Лурд — гэта найбольш вядомы ў свеце Марыйны санктуарый, куды прыязджаюць людзі з усяго свету, найчасцей, каб атрымаць ласку аздараўлення, — адзначаў у свой час Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Аднак, трэба маліцца не толькі аб аздараўленні цела, але таксама і душы».

Дзень хворага павінен нагадаць нам, што пры фізічных пакутах і цярпенні недастаткова толькі медыцынскай дапамогі і лячэння, тут нельга абысціся без цеплыні людскіх сэрцаў.

Кожнага году папа Ян Павел ІІ рыхтаваў на гэты дзень спецыяльнае пасланне. Бэнэдыкт ХVI працягвае гэтую традыцыю. У сёлетнім пасланні, тэма якога: “Яго ранамі мы ацаліліся”, узятая з Першага паслання святога Апостала Пятра, Папа нагадвае, што Бог адказвае на пакуты чалавека Сваім спачуваннем. Святы Айцец звяртаецца з асобымі словамі суцяшэння да юнакоў і дзяўчат, якія перажываюць вопыт хваробы, і звяртае заахвочванне да ўсіх маладых аб міласэрнасці ў святле маючага адбыцца Сусветнага дня моладзі ў Мадрыце.

“Часта – зазначае Папа,- цярпенні і Крыж Езуса палохаюць, бо здаюцца адмаўленнем жыцця.. але гэта зусім наадварот... Крыж ёсць Божым “так” чалавеку, найбольш высокім і яскравым выразам Ягонае любові і крыніцаю, з якой б’е плыня жыцця вечнага”.







All the contents on this site are copyrighted ©.