2011-02-10 14:41:17

Бэнэдыкт ХVI скіраваў пасланне на 48 Сусветны дзень малітваў за пакліканні


RealAudioMP3 10 лютага ў Ватыкане было апублікавана пасланне Бэнэдыкта ХVI на 48 Сусветны дзень малітваў за пакліканні, які будзе адзначацца 15 мая, у чацвёртую Велікодную нядзелю. Яго тэма: “Прапанаваць пакліканні ў мясцовым Касцёле”.

Уменне садзейнічаць і падтрымліваць пакліканні, - піша Святы Айцец, - мы знаходзім на старонках Евангелля, калі Езус кліча сваіх вучняў ісці за Ім. На асаблівую ўвагу заслугоўвае спосаб, якім Езус паклікаў сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў, каб абвяшчаць Божае Валадарства. Першым крокам у гэтым напрамку была малітва за іх: перш чым Езус іх паклікаў, прабыў усю ноч у самоце, на малітве і слуханні волі Айца ( пар. Лк 6,12). Пакліканне вучняў нараджаецца менавіта з гэтай інтымнай размовы Езуса з Айцом. Папа адзначае, што пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця з’яўляюцца перш за ўсё плёнам пастаяннага кантакту з жывым Богам і малітвы.

Святы Айцец падкрэслівае ў сваім пасланні, што “наследаванне Хрыста азначае позірк на Яго, блізкае пазнанне, слуханне Яго Слова і сустрэчу з Ім у сакрамэнтах. Пан кліча на кожным этапе жыцця ўключыцца ў Яго місію і служыць Касцёлу праз святарскае пасвячэнне і кансэкраванае жыццё, а Касцёл павінен ахоўваць гэты дар.” – гаворыць Папа ў сваім Пасланні на дзень малітваў за пакліканні. Асабліва цяпер, калі голас Пана заглушаны “іншымі галасамі”, і прапанова пайсці за Ім і ахвяраваць Яму сваё жыццё можа здавацца занадта складанай, кожная хрысціянская супольнасць і кожны веруючы павінны свядома садзейнічаць пакліканням. “Важна заахвочваць і падтрымліваць тых, якія дэманструюць ясныя знакі паклікання да святарства ці законнага жыцця, каб адчулі падтрымку ўсёй супольнасці ў адказе “так” Богу і Касцёлу” – звяртаецца з просьбай Пантыфік.

Паводле Бэнэдыкта ХVI, трэба, каб “кожны мясцовы Касцёл станавіўся ўсё больш уражлівым і ўважлівым на душпастырства пакліканняў, выхоўваючы на розных узроўнях: у сем’ях, парафіях, таварыствах, перш за ўсё маладых людзей, хлопаў і дзяўчат, да ўзрастання ў сапраўднай і шчырай прыязні з Панам”. Мясцовы Касцёл павінен вучыць уважнага і плённага слухання Слова Божага праз паглыбленне разумення Святога Пісання і паказваць, што выкананне Божай волі не знішчае людзей, але дазваляе ім адкрыць глыбокую праўду пра сябе. “Прапанаваць пакліканні ў мясцовым Касцёле” паводле Святога Айца значыць мець адвагу паказваць праз пасрэдніцтва ўважлівага і адэкватнага душпастырства пакліканняў гэты цяжкі шлях наследавання Хрыста.

“Катахеза, фармацыйныя сустрэчы, літургічная малітва, пілігрымкі да санктуарыяў - гэта каштоўная нагода, каб узбудзіць у Божым народзе, асабліва ў дзецях і моладзі, пачуццё прыналежнасці да Касцёла і пачуццё адказнасці за атрыманыя пакліканні да святартсва ці законнага жыцця, якія былі дадзены свядомым і свободным чынам”.

Здольнасць клапаціцца пра пакліканні з’яўляецца характэрнай прыкметай жыццяздольнасці мясцовага Касцёла – напісаў Бэнэдыкт ХVI у сваім пасланні на 48 Сусветны дзень малітваў за пакліканні.







All the contents on this site are copyrighted ©.