2011-02-08 13:19:34

“Homo caritatis”. Свабода і правы чалавека


RealAudioMP3 У мінулай праграме мы пачалі размаўляць аб Кампендыўме сацыяльнага навучання. Яе тэмай была годнасць чалавека. Сёння мы працягнем размаўляць пра гэты прынцып, але ў іншым важным аспекце чалавечай натуры – свабодзе і правах чалавека. У апошнія некалькі стагоддзяў паміж Касцёлам і яго праціўнікамі ідзе супрацьстаянне, якое датычыць гэтага прадмета. Для чаго патрэбныя правы чалавека? Ці яны абавязковыя? На гэтыя пытанні мы паспрабуем адказаць у сённяшняй праграме.

З часоў Французскай рэвалюцыі правы чалавека былі тым каменнем які ляжаў паміж Касцёлам і прыхільнікамі ідэі свабоды. Парадаксальная рэч, каталіцкае навучанне ніколі не было праціўнікам гэтай ідэі. Больш за тое, яно увайшло ў чалавечую свядомасць дзякуючы хрысціянству. Менавіта з пропаведзю Хрыста ідэі свабоды і роўнасці заззялі і сталі ідэаламі, на якіх трэба будаваць справядлівае грамадства. Але раптам прыхільнікі свабоды пачалі жорстка крытыкаваць Касцёл і да сённяшняга дня гэтыя нападкі працягваюцца.

Іх крыніцу трэба шукаць у разуменні свабоды і правоў чалавека. На жаль, сёння пад імі часта разумеецца ўседазволенасць. Для нашай культуры гэта вельмі характэрна – “жыць без тармазоў”, быць спантанным, не абмяжоўваць сябе. Але можна прывесці такі прыклад: мы хочам вадзіць машыну. Яна нам патрэбна для таго, каб рухацца, каб адчуваць сябе свабодна і незалежна ад нікога. Але прыходзячы ў аўташколу мы вымушаны вучыць правілы і запамінаць знакі. Парадокс – мы хочам ездзіць, а нас вучаць спыняцца. Так, сапраўды для таго, каб не трапіць у аварыю нам неабходныя абмежаванні. Таксама і ў нашым жыцці – трэба мець абмежаванні для таго, каб не сапсаваць сваё жыццё.

Узнікае пытанне. Калі так, то навошта казаць аб свабодзе і правах чалавека. Адказ на гэтае пытанне знаходзіцца ў таямніцы чалавечай натуры, у яе патрэбах і прызначэнні.

Мы ўжо казалі ў мінулай праграме, што чалавек створаны на падабенства Бога і ён заўсёды імкнецца да падтрымання кантакту са сваім Створцам. Па сваёй унікальнасці чалавек адкрыты на гэты кантакт. На працягу ўсяго жыцця ён задаецца пытаннямі аб Богу, імкнецца пазнаць Яго. Гэтае пазнання вядзе чалавека да пэўнай мэты – да пазнання Абсалюта, да дасканаласці. Да такой дасканаласці, вяршыняй якой з’яўляецца сам Бог. Вось яно. На працягу усяго свайго жыцця імкнучыся да Абсалюту чалавека ўдасканальвае сябе.

Па сваёй натуры чалавек істота сацыяльная. Мы жывем з сабе падобнымі, якія маюць такую ж мэту ў жыцці – быць дасканалымі. Грамадскае жыццё падпарадкавана гэтаму прынцыпу. Мэта яго палягае на дапамозе адзін аднаму ў дасягненні дасканаласці. Тут у нашае жыццё ўваходзяць паняцці любові, міласэрнасці, справядлівасці, павагі да іншага чалавека, якія неабходны для супольнага жыцця.

Удасканаленне чалавека адбываецца праз асэнсаваны, свабодны выбар чалавека. Але хачу адзначыць, што для таго, каб рабіць у жыцці асэнсаваны выбар, чалавек павінен быць свабодным. Менавіта такім ён быў створаны Богам. У выніку раны, нанесенай першародным грахом, быць свабодным чалавеку стала цяжэй, але не немагчыма. Робячы свабодна свой выбар, чалавек развіваецца, больш становіцца сабой і імкнецца да дабра. Такое імккненне з’яўляецца натуральным. Свабода чалавека вельмі важна, бо дзякуючы ёй чалавек прадпрымае дзеянні накіраваныя на ўласнае ўдасканаленне.

Менавіта таму Касцёл клапоціцца аб свабодзе чалавека. Свабода неабходна чалавеку для таго, каб імкнуцца да дасканаласці, да Бога. Свабодны чалавек пазнае свет, рэалізоўвае свае дары, задумы. Таму Касцёл кажа аб тым што свабода патрабуе эканамічных, сацыяльных, юрыдычных, палітычных і культурных умоваў, якія вельмі часта парушаюцца. Касцёл супрацьстаіць розным ідэалогіям, рухам і спосабам мыслення, якія імкнуцца падпарадкаваць свабоду чалавека, абмежаваць ягоныя погляды, сказіць прадстаўленне аб праўдзе. Кампендыўм сацыяльнага навучання кажа аб тым, што дзяржава, калі абмяжоўвае свабоду чалавека, павінна несці адказнасць за тое, што яна перашкаджае чалавеку развівацца.

Права на свабоду з’яўляецца натуральным правам чалавека. Разам з тым, чалавеку для развіцця неабходны шэраг іншых правоў. Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы “Centesimus annus” (“Соты год”) склаў спіс такіх правоў: “права на жыццё, якое ўключае права дзіцяці развівацца ва ўлонні маці з маманту зачацця; права жыць у адзінай сям’і і маральным асяродзі, якое спрыяе развіццю асобы; права развіваць розум і свабоду ў пошуку і пазнанні праўды; права удзельнічаць у працы па выкарыстанні зямных дабротаў і зарабляць гэтай працай на жыццё сабе і сваім бліжнім; права свабодна ствараць сям’ю, прымаць і выхоўваць дзяцей, адказна выкарыстоўваць сваю сексуальнасць. У пэўным сэнсе крыніца і сінтэз гэтых правоў – рэлігійная свабода, якая разумеецца як права жыць па праўдзе сваёй веры, згодна з трансцэндэнтнай годнасцю сваёй асобы”.

Дарагія сябры, як бачна, правы чалавека, з’яўляюцца неабходнымі, яны упісаны ў такія патрэбы чалавечай асобы як самапазнане і імкненне да дасканаласці. Мы развітваемся да наступнага аўторка. Пахвалёны Езус Хрыстус!







All the contents on this site are copyrighted ©.