2011-02-04 12:03:46

Ін'екцыя лячэбнай крытыкі. Пасланне св. Клімента Рымскага карынфянам


Шаноўныя слухачы Ватыканскага радыё! Рады вітаць Вас на чарговай перадачы з цыклу «Зварот да вытокаў», у рамках якога спрабуем судакрануцца з думкай і верай першых хрысціянаў.

Папярэднія пяць перадач былі прысвечаны станаўленню тоеснасці маладой хрысціянскай супольнасці. «Тое, чым душа ў целе, тым хрысціяне ў свеце» - гэтай фразай з Паслання да Дыягенета можна было б падагульніць дагэтулешнія разважанні.

Сёння прапаную звярнуцца да аднаго з найстаражытнейшых твораў хрысціянства, багатага духоўным зместам, адметнага ў літаратурным плане і каштоўнага ў якасці гістарычнай крыніцы. Маю на ўвазе Пасланне да карынфянаў аўтарства св. Клімента, які традыцыйна лічыцца трэцім пасля св. Пятра папам рымскім. Пасланне Клімента да карынфянаў паўстала яшчэ тады, калі наносіліся апошнія штрыхі ў кнігах Новага Запавету і, зрэшты, само гэтае пасланне спрэс да IV стагоддзя ўспрымалася многімі як частка НЗ.

«Царква Божая ў Рыме – Царкве Божай у Карынфе, абраным ды асвячоным у волі Бога праз Госпада нашага Ісуса Хрыста. Мілата вам і мір ад усеўладнага Бога праз Ісуса Хрыста!» (Уступ.)

Гэтак пачынаецца Пасланне Клімента. Заўважма, што аўтар не піша ад свайго імя. Дарэчы, ані на пачатку, ані на канцы, ані ў самім тэксце не знаходзім імя Клімента. Ён не ўказвае нават свайго тытулу або функцыі, нечага накшталт: «епіскап Рыму» або «старэйшына рымскай супольнасці». Сваю асобу разам з пасадай і тытулам ён пакідае ў ценю, а на першы план выводзіць «Царкву Божую ў Рыме» як аўтара, і «Царкву Божую ў Карынфе» як адрасата.

Такі спосаб пісання сведчыць, несумнеўна, аб вялікай пакоры аўтара. Але ёсць тут таксама і педагагічны момант. Матывам напісання паслання сталі спрэчкі ўнутры карынфскай супольнасці, прычым гэта былі спрэчкі на глебе амбіцый, а гэта чыніла сітуацыю даволі далікатнай. Клімент, які прагне перадусім аднаўлення згоды і любові ў братняй Царкве, хоча сам даць прыклад пакоры, таму пазбягае намёкаў на сваю асобу і яе значнасць.

«Вы ўсе былі пакорнымі і без фанабэрыі, больш схільнымі слухаць, чым загадваць, атрымліваючымі большую асалоду ад давання, чым брання. Вам дастаткова было таго, чым карміў вас Хрыстос; прымаючы Яго словы, вы захоўвалі іх у сэрцах вашых, а Яго цярпенні мелі заўжды прад вачыма» (ІІ, 1).

Вось такімі, поўнымі чуласці і дабрыні словамі епіскап даўняга Рыма звяртаецца да сваіх братоў і сясцёр карынфскай Царквы. Ён не шкадуе кампліментаў, аднак, выражаючы іх, па-майстэрску ўплятае таксама горкія словы крытыкі і напаміну.

«Усялякая слава і насычэнне вам былі дадзены, і гэтак споўнілася напісанае: Наеўся і напіўся, і пачаў расці ўшыр, і растаўсцеў узлюблены мой» (ІІІ, 1).

Першая частка сказа, прачытаная па інерцыі пасля серыі кампліментаў, магла стварыць уражанне чарговага камплімента, а тут... Аказваецца, што гэты апошні «камплімент» быў прэлюдыяй да ўколу – ін'екцыі лячэбнай крытыкі, прышчэпкай проціяддзя для зайздрасці, нянавісці і фанабэрыі.

Што гэта за «слава і насычэнне», пра якія гаворыць св. Клімент? Памятаем, што заснавальнікам Царквы ў Карынфе быў апостал Павел, прычым для самога Паўла карынфская супольнасць хрысціян была адным з найбольш улюбёных дзецішчаў. Ён напісаў ажно тры пасланні да карынфянаў, спасярод якіх два захаваліся і ўвайшлі ў канон Новага Запавету. Гэтыя пасланні належаць да найбольш ёмістых і багатых па свайму зместу. Няма сумневу, што карынфяне ганарыліся гэтай акалічнасцю і ведалі, што пасланні, скіраваныя адмыслова ім, іншыя цэрквы з рэспектам чытаюць і па іх вучацца рэалізаваць евангельскія прынцыпы. Святы Клімент не без горычы згадвае пра гэту «славу і сытнасць» як пра тое, што карынфяне не выкарысталі добра. Бо

«З гэтага паўсталі заўзятасць, зайздрасць, звада і процістаянне, ганенне і непарадкі, вайна і няволя» (ІІІ, 2).

Св. Клімент намагаецца паказаць дынаміку хваравітай заўзятасці: яна мае тэндэнцыю расці і ператварацца ў найбольш разбуральныя формы паводзін.

«У выніку – піша далей рымскі епіскап – паўсталі нешляхетныя супраць шляхетных, бясслаўныя супраць слаўных, неразумныя супраць разумных, маладыя супраць старэйшын» (ІІІ, 3).

У гэтых словах заключана стаўленне Клімента да таго, што адбываецца ў карынфскай супольнасці. Там група ў асноўным маладых людзей збунтавалася супраць старэйшын – па грэцку «прэсбютэроі» (прэсвітэраў). Але ў гэтых словах можна прычытаць яшчэ нешта большае. Прынамсі некаторыя звароты ў прыведзеным вышэй выказванні з'яўляюцца цытатамі з Бібліі і, праўдападобна, разлік робіцца на тое, што адрасат зразумее, адкуль цытата паходзіць. Вось жа прарок Ісая, у сваёй візіі занепадаючага Ерусаліма бачыць між іншым, што падлетак нагой б'е старца, а нешляхетны – шляхетнага (пар. 3: 5). Маўляў, тое, што ў вас, карынфяне, дзецца, нагадвае вобраз з трывожнага прароцтва.

Але ў прыведзеным вышэй выказванні ёсць фразы, якія цяжка павязаць з якімсьці фрагментам Бібліі, а якія ўсё ж змяшчаюць нешта ўжо знаёмае і як быццам дзесьці чутае. Бясслаўныя паўсталі супраць слаўных, неразумныя супраць разумных – хоі афронэс эпі тоус фронімоус – гэтыя словы, асабліва калі прачытаем у грэцкім арыгінале гучаць як рэха платонаўскага вучэння аб добрай дзяржаве. Гэта ніхто іншы, як Платон у IV ст. да Хр. ткаў крытычныя дыялогі наконт дэмакратыі – грамадскага ладу, дзе – на думку Платона – нешляхетныя кіруюць шляхетнымі, бясслаўныя грэбуюць слаўнымі, неразумныя павучаюць разумных, а маладыя на роўных са старцамі жартамі перакідваюцца.

Ці Пасланне св. Клімента з'яўляецца замаскіраваным трактатам супраць дэмакратыі ў Царкве? Думаю, было б не зусім карэктна чытаць духоўна-рэлігійны твор праз прызму палітычнай філасофіі, хоць ідэйнае сваяцтва Клімента Рымскага з Платонам Афінскім нельга выключаць.

«Усё гэта, дарагія, мы напісалі не толькі таму, каб вас павучаць, але і каб самім сабе нагадаць пра гэтыя справы, бо ж усе мы знаходзімся на тым самым стадыёне і ўдзельнічаем у тым самым спаборніцтве» (VII,1).

Гэтыя словы, думаю, бясспрэчна сведчаць пра тое, што Клімент паўстае тут не як палітык або палітычны тэарэтык, а як духоўны настаўнік. Настаўляючы іншых, ён настаўляе сябе. Гэтым ён адрозніваецца ад платонаўскага мудраца-валадара, самаўпэўненага ў сваёй мудрасці і шляхетнасці.

«Будзьма, браты, пакорнадумнымі, адкідваючы ўсялякую фанабэрыю, пыхлівасць, бяздум'е і раздражненне, давайце здзейснім напісанае, бо Дух Святы кажа: Хай не хваліцца мудрэц мудрасцю сваёй, асілак сілай сваёй, ані багацей багаццем сваім, але той, хто хваліцца, хай Госпадам хваліцца, шукаючы Яго і здзяйсняючы пастанову і справядлівасць» (ХІІІ,1).

Заўважма цікавае словазлучэнне: «здзейсніць напісанае». Святое Пісанне мае форму слова, але яно хоча і можа стацца целам, хоча і можа ператварыцца ў дзеянне, рух, дынамічную акцыю. Клімент ні ў якім разе не мае намеру ператвараць бунтаўнікоў у пасіўных і прыніжаных чальцоў супольнасці. Ён звяртае адно толькі ўвагу на тое, што калі хтось сапраўды мудры, то ў любой сітуацыі зможа праявіць сваю мудрасць, тое ж самае ў выпадку сілы або багацця. Рымскі епіскап тут выступае супраць заганнага мыслення, што, маўляў, калі б мне далі ўладу, вось тады я б праявіў сябе напоўніцу!

Святы Клімент не забывае ўказаць і на метад ператварэння слова ў дабрадайны рух. Гэтым метадам ёсць любоў. Мяркую, кожнаму не раз даводзілася чуць або чытаць прыгожы гімн аб любові св. Паўла, які з'явіўся ў першым яго пасланні менавіта да карынфянаў. Клімент Рымскі, жадаючы ўзнавіць у памяці пасыл св. Паўла і ажывіць яго ў сэрцах адрасатаў, змяшчае ў канечнай партыі свайго паслання таксама нешта накшталт гімну аб любові. Дазволю цяпер зацытаваць большы фрагмент, той, дзе аўтар выспеўвае славу любові:

Хто можа растлумачыць, чым з'яўляецца вузел Божай любові?
Веліч Яго прыгажосці хто выразіць можа?
Невыказнай ёсць вышыня, на якую любоў узыходзіць.
Любоў прымацоўвае нас да Бога, любоў хавае мноства правінаў, любоў усё стрывае, яна паводзіць сябе велікадушна ўва ўсім; няма ў ёй нічога нізкага і няма нічога высакамернага; любоў не вядзе да расколу, не бунтуецца; любоў усё чыніць у згодзе. Усе Божыя абраннікі ўдасканальваюцца праз любоў, без любові нішто не падабаецца Богу.
Праз любоў падхапіў нас наш Гаспадар, праз любоў сваю да нас Ісус Хрыстос, наш Госпад, кроў сваю выдаў за нашую кроў водле волі Бога, а таксама цела сваё за наша цела і душу сваю за нашу душу.
Бачыце, узлюбленыя, якой вялікай і дзівоснаю з'яўляецца любоў, і няма такога тлумачэння, якое б раскрыла яе дасканаласць.
Хто адпаведны, каб прабываць у любові?
Толькі той, каго Бог учыніў дастойным гэтага. (XLIX,2 – L,2).

Гэты тыдзень – тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян – няхай станецца таксама тыднем слухання таго, што казаў і аб чым прасіў святы Клімент Рымскі. Душа кожнага з нас можа быць – і часам бывае вось такім Карынфам, унутры якога шляхетнае змагаецца з нешляхетным, разумнае з неразумным і слаўнае з бясслаўным. Няхай у нашых душах пераможа любоў і гэту перамогу падорыць усёй Царкве.

Брат дамініканін Пётр Рудкоўскі








All the contents on this site are copyrighted ©.