2011-02-03 14:00:56

Бенедыкт XVI надае вялікае значэнне дыялогу з праваслаўем


RealAudioMP3 Папа Бэнэдыкт XVI ускладае асаблівыя надзеі на дыялог з Праваслаўнай Царквой і лічыць верагоднай сваю сустрэчу з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Пра гэта Пантыфік гаворыць у нядаўна выдадзенай на падставе размоў з вядомым нямецкім журналістам Петэрам Зеевальдам кнізе-інтэрв'ю "Святло свету".

Між іншым журналіст задае пытанне аб магчымай сустрэчы Святога Айца з Патрыярхам Маскоўскім. "Гэта залежыць ад таго, колькі гадоў жыцця мне яшчэ адпусціць Бог, але спадзяюся, што так", - адказаў Папа.

"Існуюць шматлікія кантакты. Аднак да падзеі такога маштабу неабходна падрыхтаваць меркаванне праваслаўнай грамадскасці Расіі", - лічыць Пантыфік, прызнаючы, што ў адносінах да Каталіцкага Касцёла ў Расіі "яшчэ застаецца пачуццё страху", таму "тут неабходна праявіць цярпенне, нічога нельга рабіць спехам".

Гаворачы аб міжхрысціянскіх сувязях Каталіцкага Касцёла, Папа назваў "найбольш абнадзейваючым" дыялог з Праваслаўнай Царквой. На думку Пантыфіка, "вельмі важна, каб велізарны свет праваслаўя, пры ўсіх яго ўнутраных праблемах, адчуваў сваё глыбокае адзінства з Лацінскім Касцёлам, распаўсюджаным па ўсім свеце".

На погляд Бэнэдыкта XVI, у гэтай галіне адбываюцца станоўчыя зрухі, прычым гаворка ідзе "не аб прагрэсе, які мае тактычныя ці палітычныя ўласцівасці, але аб збліжэнні, якое нараджаецца з глыбіннай накіраванасці адзін да аднаго".

Папа лічыць, што збліжэнне паміж праваслаўнымі і католікамі павінна мець велізарнае значэнне для "будучага сусветнай гісторыі", бо "у гэтым збліжэнні зноў праяўляе сябе наша агульная адказнасць за лёсы свету. Мы можам бясконца спрачацца па розных пытаннях. Або, наадварот, зыходзячы з таго, што ў нас агульнае, мы можам несці супольнае служэнне. Наш дыялог з відавочнасцю паказаў, што свет мае патрэбу ў матываваным, духоўна ўкарэненым і разумна абгрунтаваным сведчанні аб Адзіным Богу, Які гаворыць да нас у Хрысце. Таму нам вельмі важна быць разам". - адзначае ў сваёй размове з Петэрам Зеевалдам Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.