2011-02-01 11:30:37

“Другі Ватыканскі Сабор - компас ІІІ тысячагоддзя”. Экуменічны рух. Выпуск 13


RealAudioMP3 Традыцыйна ў аўторкі наша праграма прапануе слухачам цыкл прысвечаны спадчыне Другога Ватыканскага Сабору. Сёння гаворка пойдзе пра экуменізм.

Усе хрысціяне згоджаюцца з тым, што падзелы паміж рознымі веравызнаннямі супярэчаць волі Хрыста і з’яўляюцца скандалам для свету. Але як аднавіць страчанае адзінства? Можа здавацца, што энтузіязм, выкліканы Другім Ватыканскім Саборам, сёння паменшыўся. Сапраўды, падзелы паміж Касцёламі павялічваюцца. Яны часта звязаныя з рознымі ацэнкамі такіх маральных пытанняў як гомасексуалізм, эўтаназія, штучнае апладненне і гд.

Мы не можам імкнуцца да экуменічнай ўтопіі, але таксама не можам забывацца пра малітву Пана: “Каб усе былі адно”. Экуменізму, аднак, не дапамагае той, хто выбіраючы ілюзорны шлях напрамкі, абвяшчае, што ўсе рэлігіі па сутнасці аднолькавыя і кожная мае сваю праўду. Але праўда толькі адна, гэта Езус Хрыстус. І Другі Ватыканскі Сабор сцвярджае ясна: што “паўнату збаўчых сродкаў можна атрымаць толькі ў каталіцкім Хрыстовым Касцёле, які з’яўляецца паўсюднай прыладай збаўлення”. (Unitatis redintegratio n.3)

Гэта не азначае, што католік лепшы ад некатоліка. Сабор сцвярджае, што хоць Каталіцкі Касцёл мае ў сваім распараджэнні ўсе сродкі ласкі, “яго члены не карыстаюцца імі ў сваім жыцці з належнай стараннасцю” (4). Можа здарыцца, што чалавек з невялікімі сродкамі можа быць бліжэй Евангелля чым той, хто мае шматлікія сродкі ў сваёй руцэ.

Тут трэба нагадаць аб адным з экуменічных прынцыпаў Сабору: “Няхай ўсе вызнаўцы Хрыста памятаюць, што тым больш будуць садзейнічаць справе еднасці хрысціянаў... чым больш будуць імкнуцца весці беззаганнае жыццё ў духу Евангелля” (7). “Гэтае навяртанне сэрца... разам з малітвамі аб еднасці хрысціянаў, - чытаем ва “Unitatis redintegratio”, - трэба прызнаць душой ўсяго экуменічнага руху” (8). Мы павінны ўдзельнічаць ў гэтым руху так, як быццам бы ўсё залежала ад нас, але чакаць вынікаў, як быццам бы ўсё залежала толькі ад Бога.







All the contents on this site are copyrighted ©.