2011-02-01 11:51:14

Кітай: паражэнне атэістычнай палітыкі ўладаў


RealAudioMP3 Нягледзячы на жорсткі пераслед і барацьбу з рэлігіяй, якія трываюць у Кітаі больш за 50 гадоў, сёння краіна не з’яўляецца атэістычнай. Паводле нядаўніх даследаванняў, атэістамі тут лічыць сябе толькі 15 працэнтаў грамадзян. Хоць улады краіны настойваюць на тым, што на мільярд трыста мільёнаў жыхароў толькі каля 100 мільёнаў гэта веруючыя асобы.

У апошні час сацыяёлагі з розных універсітэтаў правялі старанныя статыстычныя даследаванні, якія вызначылі адносіны кітайцаў да рэлігіі. Іх вынікі могуць быць заніжаныя ў тым сэнсе, што не ўсе рэспандэнты асмеліліся прызнаць сваю веру, бо, як у выпадку хрысціянства, дзяржава па-ранейшаму з ёй змагаецца. Аднак, як высветлілася, 85 працэнтаў кітайцаў мае рэлігійныя вераванні. Нават члены камуністычнай партыі часта не з’яўляюцца прыхільнікамі афіцыйнай лініі рэжыму адносна рэлігіі. Як паказалі даследаванні, 17 працэнтаў камуністаў атаясамліваюць сябе з якой-небудзь рэлігіяй, а 65 працэнтаў выконваюць рэлігійныя практыкі.

Найбольш папулярнай рэлігіяй ў Кітаі з’яўляецца будызм, які вызнае 18 працэнтаў насельніцтва. Хрысціянамі сябе лічаць 33 мільёны, але яшчэ каля 40 мільёнаў заяўляе, што вераць у існаванне Езуса Хрыста і ўдзельнічаюць у рэлігійных абрадах. На думку аўтараў даследаванняў рэальная колькасць хрысціянаў у Кітаі можа быць каля 60 мільёнаў.

Ва ўмовах няўдачы афіцыйнай атэстычнай палітыкі дзяржава намагаецца атрымаць большы кантроль над рэлігіямі, манапалізуючы веру праз афіцыйныя і лаяльныя да рэжыму рэлігійныя аб’яднанні. Нядаўна пяць такіх аб’яднанняў - будыскае, таоістычнае, ісламскае, пратэстацкае і каталіцкае - апублікавалі сумесную заяву лаяльнасці, у якой пішуць аб патрэбе ўзаемнай талерантнасці і павагі да законнага парадку ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.

Варта таксама адзначыць, што кітайскі камітэт па справах веравызнанняў заявіў, што сёлета шчыльна зоймецца пратэстантамі, якія дзейнічаюць у падполлі. “Наша мэта – уключыць незаконных пратэстантаў у афіцыйны пратэстанцкі Касцёл”, - гаворыцца ў заяве. Гэта тычыцца перш за ўсё так званых дамовых Касцёлаў, якія налічваюць часам да некалькіх тысяч вернікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.