2011-01-29 15:24:53

Бутанскі ўрад дазволіў рэгістарыцыю хрысціянскіх супольнасцяў


RealAudioMP3 Урад каралеўства Бутан, якое знаходзіцца ў Гімалайскіх гарах у паўднёвай Азіі, выразіў гатоўнасць зарэгістраваць хрысціянскія супольнасці ў сваёй краіне. Такое рашэнне прадстаўнікі ўраду тлумачаць неабходнасцю мець афіцыйнага прадстаўніка хрысціянаў для кантактаў з адміністрацыяй краіны.

У Бутане большасць насельніцтва, каля 70 працэнтаў, з’яўляюцца вызнаўцамі будызму. З іншых рэлігій на тэрыторыі краіны дазволены толькі індуізм. Хрысціяне да гэтага часу цярпелі пераслед і часта вымушаны былі пакідаць краіну. З 1960-х гадоў вызнаваць хрысціянства ў Бутане было забаронена, таму Касцёл дзейнічаў падпольна. У мэтах бяспекі Апостальская Сталіца не агучвае колькасці вернікаў у гэтай краіне.

Адзіным святаром бутанскага паходжання з’яўляецца езуіт Кінлі Тзэрынг, які кіруе каталіцкай школай у Індыі, у якой навучаецца моладзь з Індыі, Непалу і Бутану. Да навяртання з будызму ў хрысціянста кс. Кінлі натхніла спатканне з благаслаўлёнай маці Тэрэзай з Калькуты.

Навіна аб змене дзяржаўнай палітыкі ў Бутане выклікала вялікую радасць у місіянерскім асяроддзі. Місіянерскія арганізацыі, якія працуюць на мяжы з Бутанам у Індыі выказалі гатоўнасць распачаць сваю працу ў гэтай краіне.







All the contents on this site are copyrighted ©.