2011-01-29 13:40:48

Апублікавана пасланне з нагоды Сусветнага дня барацьбы з праказай


RealAudioMP3 29 студзеня 2011 г. у Апостальскай Сталіцы было апублікавана пасланне старшыні Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя арцыбіскупа Зыгмунта Зімоўскага з нагоды Сусветнага дня барацьбы з праказай, які адзначаецца 31 студзеня.

“Аб'яднаць нашыя намаганні, каб лепш выражаць справядлівасць і любоў да хворых праказай” - так гучыць назва паслання.

Арцыбіскуп нагадаў аб важнасці дзейнасці “Фонда Раўля Фолеро”, які ўжо на працягу 58 год займаецца справай дапамогі тым, хто пакутуе ад гэтай хваробы. Для барацьбы з наступствамі праказы не дастаткова толькі своечасовай дыягностыкі. Хвароба пачынаецца з разбурэння цела чалавека, чым прыносіць цяжкія пакуты, але заканчваецца своеасаблівым “прысудам” хвораму, які асуджае яго і ягоную сям'ю на сацыяльную маргіналізацыю і беднасць.

Гэта прыклад таго, як “у нашую эпоху ўзрастае ўвага да здароўя, якая, з аднаго боку, рызыкуе пераўтварыцца ў фармакалагічны, медычны і хірургічны кансумізм і становіцца амаль культам цела, а з іншага, не дазваляе мільёнам людзей атрымаць мінімальны клопат і лекі неабходныя для лячэння”, -падкрэсліў каталіцкі іерарх, цытуючы пасланне Бэнэдыкта XVI да удзельнікаў ХХV Міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай Папскай радай пастырства работнікаў сферы аховы здароўя ў лістападзе мінулага года.

“Нават, калі чалавек выздаравеў і не з'яўляецца носбітам хваробы, яму цяжка вярнуцца ў нармальнае грамадскае жыццё, знайсці працу і забяспечыць сябе і сваёй сям'і годнае жыццё. Менавіта тут мы як хрысціяне або проста людзі добрай волі павінны дзейнічаць. Як добры самарытанін, мы павінны схіліцца “над параненым чалавекам, пакінутым на краю дарогі” здзяйсняючы запавет, які Езус пакінуў сваім вучням, таму што выкананне Права – гэта любоў”, - сказаў у сваім пасланні арцыбіскуп Зімоўскі.







All the contents on this site are copyrighted ©.