2011-01-27 14:03:40

ПАСЕ адзначае рост гвалту супраць хрысціянаў на Блізкім Усходзе


RealAudioMP3 Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы ў чацвер заслухала даклад "Гвалт супраць хрысціянаў на Блізкім Усходзе", які прадставіў дэпутат ад Італіі Лука Волонтэ.

"У 2010 годзе колькасць нападаў на хрысціянскія супольнасці вырасла ва ўсім свеце нараўне з колькасцю выпадкаў судовага пераследу і вынясення смяротных прысудаў за блюзнерства, якія нярэдка тычацца жанчын. Дадзеныя аб захаванні свабоды рэлігіі за апошнія гады паказваюць, што большасць актаў рэлігійнага гвалту былі здзейсненыя супраць хрысціянаў", - гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай па выніках абмеркавання гэтага пытання.

У дакуменце нагадваецца, што адносіны хрысціянскіх супольнасцяў на Блізкім Усходзе з мусульманскай большасцю "не заўсёды складваецца гладка" - адзначаецца ў рэзалюцыі ПАСЕ.

Асамблея нагадвае, што "свабода думкі, свабода сумлення і свабода рэлігіі з'яўляюцца ўніверсальнымі чалавечымі правамі, замацаванымі ў артыкуле 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і гарантаваць іх выкананне ўзялі на сябе абавязацельствы ўсе дзяржавы - члены ААН".

"Асамблея ўпэўнена, што страта хрысціянскіх супольнасцяў на Блізкім Усходзе стварыла б пагрозу і для ісламу, бо азначала б перамогу фундаменталізму". Аўтары рэзалюцыі заклікаюць "прыцягнуць увагу да неабходнасці барацьбы з усімі формамі рэлігійнага фундаменталізму і маніпуляваньня рэлігійнымі перакананнямі ў палітычных мэтах, якія так часта ляжаць у аснове сённяшняга тэрарызму".

У сувязі з гэтым Асамблея рэкамендуе Камітэту міністраў СЕ сістэматычна ажыццяўляць маніторынг сітуацыі па гэтай тэме і перыядычна даваць справаздачу аб гэтым перад ПАСЕ. У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя таксама "развіваць стратэгію СЕ па ўзмацненні свабоды рэлігіі як аднаго з правоў чалавека, уключаючы спіс мер супраць дзяржаў, якія свядома не аказваюць абароны рэлігійным аб'яднаньням, якія дзейнічаюць сярод буйных рэлігій".







All the contents on this site are copyrighted ©.