2011-01-26 14:39:44

Бэнэдыкт XVI прысвяціў сваю катэхезу св. Жане д’Арк


RealAudioMP3 Сённяшняе разважанне Святога Айца падчас агульнай аўдыенцыі было прысвечана французскай святой Жане д’Арк .“Пакута і дзейнасць юнай французскай сялянкі ў момант цярпенняў свайго народу станавіліся больш моцнымі дзякуючы яе містычным адносінам з Богам. Адзін з найбольш яскравых аспектаў святасці гэтай дзяўчыны - сувязь паміж містычным вопытам і палітычнай дзейнасцю”. Такімі словамі ахарактарызаваў місійнае крэда Жаны д’Арк Бэнэдыкт XVI.

Падчас свайго разважання Святы Айцец нагадаў аб нялёгкім жыцці гэтай святой, якая жыла ў часы сярэдневечча. Жана д’Арк, нарадзілася ў сялянскай сям’і. Яе бацькі былі выдатнымі хрысціянамі. Жана не умела ні чытаць ні пісаць, але атрымала ад бацькоў добрую рэлігійную адукацыю. Яна жыла ў чысціні і з самых маладых гадоў займалася справамі міласэрнасці, дапамагаючы хворым і церпячым.

Папа параўнаў Жану д’Арк з іншай апякункай Еўропы, св. Кацярынай з Сіены. Гэтыя “святыя жанчыны заставаліся на Кальварыі, побач з укрыжаваным Езусам і ягонай маці Марыяй, у той час як апосталы збеглі, а Пётр тры разы адрокся Яго”. У часы жыцця св. Кацярыны Касцёл перажываў вялікі крызіс, быў адзін Папа і адзін Антыпапа. У той час, калі нарадзілася Жана быў адзін Папа і два Антыпапы. Разам з праблемамі унутры Касцёла, у Еўропе працягваліся драматычныя войны паміж хрысціянскімі народамі. Адной з самых цяжкіх і трагічных была “стогадавая вайна” паміж Англіяй і Францыяй.

У гэты час Жанна д’Арк пачула “голас” Арханёла Міхала які заклікаў яе паглыбляць сваё рэлігійнае жыццё і прычыніцца да вызвалення свайго народа. Дзяўчына адказала “так”, склаўшы шлюб чысціні і пачаўшы больш інтэнсіўна практыкаваць сакрамэнтальнае жыццё і малітву. Яна штодзённа ўдзельнічала ў св. Імшы, часта прыступала да споведзі і св. Камуніі, праводзіла шмат часу ў маўклівай малітве перад укрыжаваннем і выявай Панны Марый.
Пасля гадоў схаванага жыцця і духоўнага ўзрастання, наступіў кароткі, але плённы перыяд яе публічнага жыцця.

У 1429 годзе сямнаццацігадовая дзяўчына пачынае сваю справу вызвалення. Шматлікія сведчанні паказваюць нам, што Жана д’Арк была асобай моцнай і рашучай, здольнай надаць адвагі няўпэўненым і напужаным мужчынам.

Падчас асады гораду Арлеан яна напісала пісьмо англійскаму каралю і яго людзям з прапановай у імя Езуса і Марыі заключыць сапраўдны мір па-справядлівасці паміж двума хрысціянскімі народамі. Але атрымала адмоўны адказ і пачала вызваленне горада, якое здзейсніла праз два месяцы. На працягу цэлага года Жана жыла з салдатамі, выконваючы паміж імі сапраўдную евангелізацыйную місію. Ёсць шматлікія сведчані аб яе дабрыні, мужнасці і незвычайнай чысціні.

Яе цярпенні пачаліся 23 мая 1430 года, калі трапіла ў палон да сваіх ворагаў. Жану перавезлі ў горад Руан дзе пачаўся доўгі судовы працэс, які скончыўся спаленнем святой на кастры. Працэс вялі біскупы і інквізітары, якія ў рэальнасці выконвалі загады групы тэолагаў з Парыжскага універсітэта. Гэтая група мела іншыя палітычныя погляды чым Жана, і гэта абумовіла негатыўную адзнаку асобы і місіі Жаны д’Арк.

“Гэты працэс вельмі трывожная старонка ў гісторыі святасці, а таксама яскравае сведчанне таямніцы Касцёла, які згодна са словамі другога Ватыканскага Сабора “адначасова і святы і заўсёды патрабуе ачышчэння”. Драматычная сустрэча паміж святой і яе суддзямі, якія з’ўляліся дзеячамі Касцёла. Менавіта яны абвінавацілі і асудзілі гэтую святую, прызнаўшы яе ерэтычкай і адправіўшы на жудасную смерць на кастры. У адрозненне ад святых тэолагаў якія праславілі Парыжскі універсітэт, такіх як св. Банавентрура, св. Тамаш з Аквіну і благаслаўлёны Дунс Скот. Тым тэолагам не хапала любові і сціпласці ўбачыць у дзяўчыне дзеянне Бога. Узгадваюцца словы Езуса, паводле якіх таямніцы Бога даступныя для тых, хто мае сэрца дзіцяці, але схаваныя ад мудрых і гардзялівых. Так і судзі Жаны аказаліся нездольнымі зразумець яе, убачыць прыгажосць яе душы: не ведалі што асудзілі святую”.

Толькі праз 25 гадоў па ініцыятыве папы Калікста ІІІ пачаўся працэс на якім Жана д’Арк была рэабілітавана. Шматлікія сведчанні выявілі яе нявіннасць і вернасць Касцёлу. У 1920 яна была кананізавана Папам Бэнэдыктам XV.

У сваёй катэхезе Бэнэдыкт XVI адзначыў глыбокую любоў святой да Езуса і да бліжняга. Рашэннем жыць у чысціні яна прысвечае ўсю сябе Любові Езуса. ”Чысціня душы і стан ласкі для яе былі найкаштоўнейшымі цнотамі, нават даражэйшымі за жыццё: гэта былі дары Бога, якія яна атрымала і захавала з пакорай і вернасцю”.

Папа адзначыў таксама важную ролю малітвы ў жыцці Жаны д’Арк:

“Наша святая ўспрымала малітву як форму працяглага дыялогу з Панам, які асвятляе таксама яе дыялог з суддзямі і дае ёй супакой і бяспеку. Яна просіць з даверам: “Салодкі Божа, у памяць аб вашай святой пакуце, прашу вас, калі вы мяне любіце, падскажыце як я павінна адказваць гэтым людзям Касцёла”. Яна сузірала Езуса як “Валадара Неба і Зямлі”. Так яна намалявала Яго на сваім сцягу і напісала “Наш Пан, які трымае свет”: гэта выява стала іконай яе палітычнай місіі. Вызваленне свайго народа, гэта справа чалавечай справядлівасці, якую Жана выконвае з любоўю, і з любові да Езуса. Яе прыклад цудоўны для тых свецкіх, хто займаецца палітыкай, асабліва ў справах вельмі цяжкіх. Вера – гэта святло якое асвятляе кожны выбар, як засведчыў праз стагоддзі іншы святы, англічанін Томас Мор”.

“Дарагія браты і сёстры, сваім яскравым сведчаннем святая Жанна д’Арк запрашае нас да больш высокага вымярэння хрысціянскага жыцця: малітва павінна стацца стрыжнем нашых дзён; мець поўны давер у выкананні Божай волі, якой бы яна не была; жыць любоўю безмежнай і бачыць у Любові Езуса глыбокую любоў да Касцёла,” – сказаў на заканчэнне свайго разважання падчас агульнай аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.