2011-01-25 15:23:53

"Homo caritatis". Кампендыум сацыяльнага навучання Каталіцкага Касцёла


Паважаныя радыёслухачы, мы працягваем размаўляць аб сацыяльным навучанні Каталіцкага Касцёла. У мінулых праграмах мы размаўлялі аб гістарычных дакументах, а менавіта энцыкліках Рымскіх Пантыфікаў. З гэтых энцыклікаў, якія абапіраліся на Евангелле, навучанне Айцоў Касцёла і навуковыя дадзеныя, на працягу ХХ стагоддзя сфарміравалася сацыяльнае навучанне Касцёла. Яно развілася ў асобную навуковую галіну, якая мае свае прынцыпы, крытэрыі і накірункі. Сацыяльнае навучанне трасфарміравалася ў залежнасці ад гістарычных абставінаў і многія яго аспекты згубілі сваю актуальнасць. З цягам часу ўзнікла патрэба стварыць асобны дакумент, у якім у сінтэтычнай форме апісваліся б асноўныя прынцыпы і крытэрыі каталіцкага сацыяльнага навучання. Такі дакумент быў неабходны для таго, каб указаць католікам, хрысціянам і ўсім людзям добрай волі накірунак для дзейнасці. Да дзейнасці, звязанай з будаваннем цывілізацыі любові, умацаваннем агульнага дабра чалавека і грамадства. Такі дакумент з’явіўся ў 2004 годзе і атрымаў назву “Кампендыўм сацыяльнага навучання Касцёла”. Аб ім мы пачнем размаўляць у сённяшняй праграме.

Праца над стварэннем кампедыума пачалася ў 1999 годзе па асабістай просьбе Святога Айца Яна Паўла ІІ, а падрыхтоўку гэтага дакумента ажыццяўляла Папская рада “Iustitia et Pax” (Справядлівасць і мір). Праца аказалася вельмі нялёгкай па шэрагу прычынаў: па-першае, гаворка ішла аб стварэнні дакумента, якога не існавала ніколі раней у гісторыі Касцёла; па-другое, з-за неабходнасці падрабязнага аналізу вельмі складаных пытанняў, уласцівых сацыяльнаму навучанню Касцёла; па-трэццяе, з-за неабходнасці надаць дакументу ўнітарны і ўніверсальны характар, які мог бы ахапіць усю шматграннасць грамадства і свету. І нарэшце, яшчэ адной цяжкасцю была неабходнасць стварэння дакумента які б не губляў сваёй актуальнасці ў часе, што асабліва цяжка ў нашу гістарычную эпоху, якая характэрызуецца вельмі хуткімі сацыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі пераменамі.

Негледзячы на гэтыя складанасці “Кампендыўм сацыяльнага навучання Касцёла” убачыў свет у 2004 годзе. Па сваёй структуры ён вельмі просты. Пасля ўводзінаў, ідуць тры часткі. Першая разглядае фундамент сацыяльнага навучання Касцёла – любоў Бога да чалавека і да грамадства, місію Касцёла і прыроду сацыяльнага навучання, чалавека і ягоныя фундаментальныя правы і кашноўнасці, на якіх грунуецца сацыяльнае навучанне. Другая частка прысвечана класічным тэмам сацыяльнага навучання – сям’і, працы, эканоміцы, палітыцы, міжнародным адносінам, экалогіі і супакою. Трэцяя частка, самая кароткая, утрымлівае ў сабе настаўленні па выкарыстанні навучання ў пастырскай дзейнасці і жыцці хрысціянаў, перш за ўсё свецкіх. Заключэнне, якое называецца “Дзеля цывілізацыі любові”, з’яўляецца падсумаваннем усяго дакументу і адлюстроўвае яго мэту.

Мэта стварэння кампендыўма заключаецца ў тым, каб “прапанаваць інструмент для разумення складаных з’яваў, якія характарызуюць наш час”, стаць настаўленнем для паводзінаў і выбараў асобнага чалавека і грамадстваў. Дакумент павінен дазволіць глядзець у будучыню з надзеяй і даверам, павінен сбыць падручнікам для вернікаў па маральнасці ў сацыяльнай сферы.

Трэба адзначыць, што, хоць кампендыўм і звяртаецца ў першую чаргу да католікаў, але таксама з’яўляецца прапановай да экуменічнага і межрылігійнага дыялогу паміж католікамі і ўсімі хто шукае дабра чалавецтва. Святло Евангелля, якое з’яўляецца асновай сацыяльнага навучання Касцёла, распасціраецца на ўсіх людзей: кожнае сумленне і кожны розум з’яўляюцца здольнымі ўспрыняць глыбіню значэння і каштоўнасцяў прапанаваных у сацыяльным навучанні Касцёла, як адзначаецца ў кампендыўме. Выклікі сучаснай цывілізацыі датычаць усіх людзей, незалежна ад іх веры.

Адным з такіх выклікаў з’яўляюцца культурныя перамены, якія датычаць адмовы ад Евангелля і веры на карысць чалавечага розуму. Каб адказаць на гэты выклік, трэба разумець, што сацыяльнае навучанне Касцёла, мае міждысцыплінарнае вымярэнне. Праўда Евангелля павінна сустрэцца з ведамі распрацаванымі чалавекам, таму што вера не супрацьстаіць розуму. Наадварот, яна асвятляе розум. Калі гаворка ідзе аб сацыяльным, палітычным і эканамічным будаўніцтве, сацыяльнае навучанне Касцёла выконвае важнае заданне. А менавіта, ставіць у цэнтр гэтай дзейнасці чалавека ва ўсіх яго вымярэннях і патрэбах. Гістрачным прыкладам такога супрацоўніцтва паміж верай і розумам з’ўляюцца хрысціянскія карані ідэалаў свабоды, дэмакратыі, братэрства і салідарнасці.

Годнасць чалавека, супольнае дабро, салідарнасць і ўдзел чалавека ў грамадскай дзейнасці з’яўляюцца асноўнымі прынцыпамі, на якіх грунтуецца сацыяльнае навучанне Касцёла. Іх значэнне тлумачыць менавіта выданы ў 2004 г. кампендыўм. Аб гэтых прынцыпах мы і паразмаўляем з вамі ў наступных праграмах. Пахвалёны Езус Хрыстус!








All the contents on this site are copyrighted ©.