2011-01-24 11:53:37

Рым: чарговы раўнд дыялогу Каталіцкага Касцёла з Праваслаўнымі Цэрквамі Усходу


RealAudioMP3 У панядзелак, 24 студзеня, у Рыме пачалася чарговая, ужо восьмая сустрэча Міжнароднай сумеснай камісіі па справах тэалагічнага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі праваслаўнымі цэрквамі. Галоўнай тэмай трохдзённай сустрэчы будзе праблема адзінства Касцёла і зносіны паміж Касцёламі ў пятым стагоддзі, а таксама роля манаскага жыцця.

Міжнародная сумесная камісія была створана ў 2003 годзе ў выніку ініцыятывы Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і кіраўнікоў Усходніх праваслаўных цэркваў. З 2004 года, звычайна ў студзені, адбываюцца сумесныя пасяджэнні камісіі, якія маюць на мэце “працяг экуменічнага дыялогу, канчаковай мэтай якога з’яўляецца бачнае адзінства Касцёлаў”.

Старажытныя цэрквы Усходу, так званыя “нехалкідонскія”, адлучыліся ад паўсюднага Касцёла пасля Халкідонскага Сабора ў 451 годзе. На гэтым саборы было пацверджана існаванне двух натур у Хрысце: боскай і чалавечай і адной Асобы. Гэта прывяло да непаразуменняў, нават у палітычнай і культурнай сферах, і, у канчатковым выніку, да падзелу Касцёла.

Толькі па ініцыятыве “Pro Oriente”, аўстрыйскага экуменічнага фонда, у верасні 1970 года, у выніку так званых “перамоў у Лінцы” удалося прыйсці да паразумення ў многіх пытяннях. У той час каталіцкія і праваслаўныя тэолагі прыйшлі да агульнай высновы, што тэалагічныя спрэчкі, пачатак якім дало пятае стагоддзе, былі часта абумоўлены культурнымі адрозненнямі і палітычнымі матывамі, і што Каталіцкі Касцёл і Старажытныя цэрквы Усходу, нягледзячы на адрозненні, вызнаюць адну веру.







All the contents on this site are copyrighted ©.