2011-01-21 16:00:54

Арцыбіскуп Фізікелла: “Новая евангелізацыя патрабуе новай мовы”


RealAudioMP3 “Новая евангелізацыя не патрабуе новага зместу, а новага місійнага запалу ў тых сітуацыях, у якіх здзяйсняецца сёння евангелізацыя”, - сказаў арцыбіскуп Рыно Фізікелла, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, у інтэрв’ю ватыканскаму выданню “L’Osservatore Romano”.

Арцыбіскуп Фізікелла адзначыў, што Касцёл указвае свету “сляды святасці”. “Мучаніцтва шматлікіх хрысціянаў” хоць і не адрозніваецца сёння ад таго, якое існавала стагоддзі таму, з’ўляецца, у пэўным сэнсе, “сапраўды новым”, бо “схіляе, часта абыякавых людзей нашага часу, задумацца над сэнсам жыцця і дарам веры”.

Новая евангелізацыя патрэбна, бо змяніўся кантэкст, у якім жывуць сучасныя людзі ў эпоху новых тэорый і ідэалогій. “Сёння бачна жаданне навязаць свае погляды, але не схіліць людзей шукаць праўду”, - адзначыў іерарх.

Новая евангелізацыя патрабуе новай мовы, зразумелай сучаснаму чалавеку, асабліва калі гаворка ідзе аб мове рэлігійнай. “Адкрыццё асаблівасцяў мовы для больш плённай камунікацыі з’яўляецца канкрэтным заданнем, каб евангелізацыя была па-сапраўднаму новай”, - падкрэсліў у сваім інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” арцыбіскуп Фізікелла.







All the contents on this site are copyrighted ©.