2011-01-20 14:43:29

Ліст Апостальскага Нунцыя ў Ірландыі не рэкамендаваў утойваць злоўжыванні духавенства


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік прэс-цэнтра Апостальскай Сталіцы, у заяве для агенства “CNS” патлумачыў, што ліст Апостальскага Нунцыя ў Ірландыі не рэкамендаваў біскупам утойваць злоўжыванні духавенства, але нагадваў, каб біскупы, прыймаючы рашэнні ў гэтых пытаннях, у поўнай меры шанавалі існуючыя нормы кананічнага права.

Ксёндз Ламбардзі адзначыў, што ліст арцыбіскупа Сторэро у 1997 годзе паказваў занепакоенасць Кангрэгацыі па справах Духавенства ірландскімі нормамі адносна справы сексуальных злоўжыванняў. Ён нагадвае, што ў лісце няма ані слова пра тое, каб не прытрымлівацца ірладскага заканадаўства. Далей ксёндз Ламбардзі адзначае, што Апостальская Сталіца, з-за разнастайнасці сітуацый ў паасобных краінах, не мае аднолькавага стаўлення ў справе абавязку складання скаргаў да свецкай ўлады. Апостальская Сталіца заўсёды ўказвала біскупам на неабходнасць захавання заканадаўства, якое існуе ў іх краінах, нават калі яно загадвае скласці скаргу ў паліцыю або суд аб злачыннай дзейнасці святара.

Прадстаўнік Ватыкана адзначыў, што гэты ліст не з’яўляецца ніякім “доказам” таго, што Апостальская Сталіца імкнецца затойваць злоўжыванні духавенства. Наадварот, ліст паказвае сур’ёзнасць, з якой Ватыкан бачыў неабходнасць распрацаваць і прыняць усеабдымныя нормы ва ўмовах крызісу, які ўжо тады закрануў некаторыя англамоўныя краіны. Кс. Ламбардзі падкрэсліў абсалютную неабходнасць захавання нормаў кананічнага права ў дадзеных выпадках.

Прадстаўнік Ватыкана адзначыў, што ліст быў напісаны да 2001 года, калі Ян Павел ІІ зацвердзіў новыя працэдуры ў справах цяжкіх злачынстваў, якія перадаў у кампетэнцыю Кангрэгацыі Веравучэння. На чале яе стаяў у той час кардынал Ёзэф Ратцынгер, якога Ян Павел ІІ зрабіў адказным за кантроль над разглядам спраў аб сексуальных злоўжываннях некаторых святароў - нагадаў кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.