2011-01-19 15:15:42

Іспанія адыходзіць ад хрысціянскіх каштоўнасцяў


RealAudioMP3 Універсітэт Барселоны "на нявызначаны тэрмін" застаўся без св. Імшы. Кіраўніцтва універсітэта вырашыла закрыць капліцу пры факультэце эканомікі і камерцыі, нягледзячы на шматлікія пратэсты вернікаў, студэнтаў і выкладчыкаў, паведамляе HazteOir.org.

Прычынай закрыцця капліцы кіраўніцтва ўніверсітэта назвала адсутнасць бяспекі. У 2009 г. падобны аргумент выкарыстаў урад Іспаніі, закрываючы базыліку Святога Крыжа ў Даліне загінуўшых. Базыліцы патрабавалася невялікая рэстаўрацыя.

Аднак капліца Барселонскага універсітэта знаходзіцца ў добрым тэхнічным стане, а адсутнасць бяспекі ва ўніверсітэце звязваюць з пагрозамі і абразамі ў адрас вернікаў, студэнтаў і выкладчыкаў, якія ў апошнія некалькі месяцаў пастаянна з'яўляюцца ў інтэрнэце, а таксама ў выглядзе надпісаў на сценах. У лістападзе мінулага года так званыя "прагрэсіўныя" студэнты ўніверсітэта захапілі капліцу і некаторы час перашкаджалі правядзенню св. Імшы.

Інцыдэнт з закрыццём капліцы пацвярджае намер сацыялістычных уладаў знішчыць любы "публічны выраз каталіцкай веры як канфліктны і непажаданы". Сёння ў Іспаніі лепшы спосаб вырашыць праблемы, звязаныя з публічным выразам веры, - папросту выгнаць яе з канфліктных месцаў.

У мінулым надзвычай рэлігійная Іспанія пры ўрадзе Сапатэры стала адной з найбольш "вальнадумных" еўрапейскіх краін. Сучасная Іспанія ўсё больш адыходзіць ад хрысціянскіх каштоўнасцяў. Так, у пачатку гэтага года, нягледзячы на шматлікія пратэсты, былі ўзаконены аборты. У 2005 г. урад Сапатэры прыняў закон, які дазваляе гомасэксуальныя саюзы.







All the contents on this site are copyrighted ©.