2011-01-19 15:48:41

Бэнэдыкт ХVI заклікае да пераадолення бар’ераў паміж хрысціянамі


RealAudioMP3 Сёння, 19 студзеня, у зале Паўла VI у Ватыкане адбылася агульная аўдыенцыя Святога Айца. Пантыфік заклікаў вернікаў «штодзённа ўзрастаць ва ўзаемнай любові, прымаючы ўдзел у пераадоленні тых перашкодаў, якія ўсё яшчэ застаюцца паміж хрысціянамі». Сваю галоўную катэхезу Папа прысвяціў Тыдню малітваў за адзінства хрысціянаў. Тэмай Тыдня з’яўляюцца словы з Дзеяў Апосталаў: «Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (пар. Дз 2, 42).

«Мы адзначаем Тыдзень малітваў за адзінства хрысцінаў, - сказаў Святы Айцец - падчас якога ўсе веруючыя ў Хрыста пакліканы з’яднацца ў малітве, каб сведчыць аб моцных сувязях, што існуюць паміж імі, і выпрошваць дар поўнага адзінства, — адзначыў Пантыфік. — Шлях да бачнага адзінства паміж усімі хрысціянамі знаходзіцца ў малітве, таму што фундамент адзінства „будуем“ не мы, а Бог».

Святы Айцец указаў на неабходнасць адчуваць існаванне сапраўднай унутранай еднасці сярод усіх тых, хто ідзе за Панам, а таксама на неабходнасць супрацоўніцтва, наколькі гэта магчыма, у вырашэнні адкрытых пытанняў.

Зыходным пунктам, як адзначыў Папа, павінна стаць усведамленне таго, што «на гэтым шляху Пан будзе падтрымліваць нас, дапамагаць нам, таму што без Яго мы нічога не можам зрабіць». Як адзначыў Пантыфік, падобна «вучням Хрыста мы нясём супольную адказнасць перад светам і павінны выконваць агульнае служэнне: так, як першая хрысціянская супольнасць у Ерузалеме. Зыходзячы з таго, што ў нас агульнае, мы павінны даваць моцнае сведчанне, заснаванае на духоўных фундаментах і якое падтрымліваецца праз розум, аб Адзіным Богу, які аб’явіўся і прамаўляе да нас у Хрысце». «Усё гэта дзеля таго, каб несці пасланне, якое накіроўвае і асвятляе чалавека нашых часоў, часта пазбаўленага выразнага і каштоўнага пункту аднясення», — дадаў Святы Айцец, адзначыўшы, што адсюль зыходзіць неабходнасць прасіць Бога аб «дары адзінства, каб ва ўсім свеце ажыццявіўся Яго план збаўлення і прымірэння».

Спасылаючыся на дэвіз сёлетняга Тыдня «Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам», Папа ўказаў, што гэтыя словы прыводзяць на ўспамін першую раннехрысціянскую супольнасць у Ерузалеме, бо ўжо падчас Пяцідзесятніцы Дух Святы сыйшоў на людзей розных моваў і культур. Гэта азначае, што Касцёл ад свайго пачатку ўключаў народы рознага паходжання і зыходзячы менавіта з гэтых адрозненняў Дух Святы стварыў адно цела. «Пяцідзесятніца „як пачатак Касцёла“ абазначае такім чынам пашырэнне запавету Бога на ўсе стварэнні, народы і ўсе часы», — дадаў Пантыфік.

Другім элементам адзінства з’яўляецца братэрства. У часы першай хрысціянскай супольнасці, як і ў нашы часы, яно праяўляецца найбольш адчувальна. У Дзеях Апосталаў мы чытаем, што першыя хрысціяне мелі ўсё супольнае. Гісторыя экуменічнага руху адзначана цяжкасцямі і няўпэўненасцю. Гэта таксама гісторыя братэрства, супрацоўніцтва і абмену чалавечымі і духоўнымі каштоўнасцямі, якія вельмі змянілі адносіны паміж веруючымі ў Езуса: усе мы павінны актыўна працаваць на гэтым шляху. Другі элемент — гэта зносіны, і перш за ўсё еднасць з Богам праз веру. Адзінства з Богам стварае адзінства паміж намі. Ніхто ў хрысціянскай супольнасці не павінен быць галодным, бедным. Адзінства з Богам ажыццяўляецца ў братэрскім адзінстве і выяўляецца на практыцы ў сацыяльнай дзейнасці, у хрысціянскай любові і справядлівасці. На гэта ўказаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што адзінства ў ахвяры Хрыста з’яўляецца кульмінацыяй нашага паяднання з Богам і паказвае такім чынам паўнату адзінства сярод вучняў Хрыста. «На працягу гэтага Тыдня асабліва горкім жалем з’яўляецца тое, што мы, хрысціяне, не можам разам прыступіць да эўхарыстычнага стала. Гэта знак таго, што мы ўсё яшчэ далёкія ад ажыццяўлення адзінства, за якое маліўся Хрыстус. Гэты балючы вопыт, які надае пакутны характар нашай малітве, мусіць стаць матывам да яшчэ большай зацікаўленасці з боку ўсіх у пераадольванні перашкодаў на шляху да поўнага адзінства, каб надыйшоў той дзень, калі мы зможам разам сесці пры стале Пана, разам ламаць Эўхарыстычны хлеб і піць з аднаго келіха.

“Дарагія браты і сёстры, як вучні Хрыста мы нясём супольную адказнасць перад светам і павінны несці супольнае служэнне: так, як першая хрысціянская супольнасць у Ерузалеме. Зыходзячы з таго, што ў нас агульнае, мы павінны даваць моцнае сведчанне (фундамент якога ў Богу), што мы з’яўляемся носьбітамі паслання, якое накіроўвае і асвятляе шлях чалавека нашых часоў. Важна, каб мы кожны дзень узрасталі ва ўзаемнай любові, актыўна пераадольваючы бар’еры, якія яшчэ існуюць паміж намі; важна даць пачуць, што існуе сапраўднае ўнутранае адзінства сярод тых, хто наследуе Пана; супрацоўнічаючы як мага больш, працуючы разам у справах яшчэ адкрытых і перш за ўсё ўсведамляючы, што на гэтым шляху Пан будзе нас падтрымліваць, будзе нам дапамагаць, таму што без Яго мы нічога не можам зрабіць”.

На заканчэнне аўдыенцыі Папа ўдзяліў усім прысутным сваё апостальскае благаслаўленне.







All the contents on this site are copyrighted ©.