2011-01-19 14:16:39

Арцыбіскуп Пеццы ўзначаліў Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Расіі


RealAudioMP3 Ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы абраны старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Расіі. Такое рашэнне прынялі ўдзельнікі яе 33 Пленарнага пасяджэння, якое прайшло сёння ў Іркуцку. Неабходнасць пераабранняў тлумачылася заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў дзеючых кіраўнікоў канферэнцыі біскупаў. Віцэ-старшынёй абраны біскуп Клеменс Пиккель. Біскупы пацвердзілі паўнамоцтвы кс. Ігара Кавалеўскага як Генеральнага сакратара канферэнцыі на наступны трохгадовы тэрмін.

50-гадовы арцыбіскуп Пеццы, які нарадзіўся ў італьянскім горадзе Руссі, з 1993 па 1998 год быў дэканам цэнтральнага рэгіёну тагачаснай апостальскай адміністратуры ў Новасібірску, працаваў у якасці галоўнага рэдактара "Сібірскай каталіцкай газеты", выкладаў італьянскую гісторыю і культуру, філасофскую і сацыяльную антрапалогію ў дзяржаўным універсітэце і ў педагагічным інстытуце Новасібірска. У 1998 годзе вярнуўся ў Рым, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі.

21 верасня 2007 г. папа Бэнэдыкт XVI прызначыў кс. Пеццы пастырам архідыяцэзіі ў Маскве пасля таго, як яе ранейшы кіраўнік, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, быў пераведзены на пастырскае служэнне ў Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.