2011-01-18 17:31:01

"Homo caritatis" Энцыкліка Яна Паўла ІІ "Laborem exercens"


Дарагія сябры,
мы працягваем размову аб сацыяльным навучанні Каталіцкага Касцёла. У сённяшняй праграме мы пагаворым аб энцыкліцы Папы Яна Паўла ІІ “Laborem exercens” (“Выконваючы працу”).

Як становіцца вядома з самой назвы энцыклікі, яе змест прысвечаны менавіта працы, тэме якая з’яўляецца важнай для кожнага і не губляе сваёй актуальнасці на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва.

Папа Ян Павел ІІ пачынае сваю энцыкліку з разважанняў над кнігай Быцця, бо менавіта на першых старонках Бібліі, ў апісанні акта стварэння чалавека, узгадваецца значэнне працы як аднаго з фундаментальных вымярэнняў чалавечага існавання. Калі Бог, “на падабенства сваё ... стварыў мужчыну і жанчыну”, ён прамовіў словы: “пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і падпарадкоўвайце яе”. Слова “падпарадкоўвайце” кажа нам, што заданне працаваць было ад самага пачатку дадзена чалавеку Богам, а слова “зямля” у біблійным тэксце азначае увесь бачны Сусвет. Гэта азначае падпарадкаванне яго, адкрыццё і выкарыстанне рэсурсаў, якія ён ў сабе захоўвае.

Яшчэ ў старажытнасці чалавек пачаў падпарадкоўваць зямлю, праз розныя віды дзейнасці: збіральніцтва, паляванне, сельскую гаспадарку. Потым з’явілася вытворчасць, індустрыя, сфера паслуг і даследванняў. Калі адбылася тэхнічная рэвалюцыя чалавеку пачала дапамагаць тэхніка. І менавіта з тэхнічнай рэвалюцыяй адбыліся вельмі важныя перамены. Тэхніка, дзякуючы сваёй здольнасці працаваць больш і якасней, з цягам часу замяніла чалавека ў многіх сфераў яго дзейнасці. Вельмі часта чалавек пачаў разглядацца толькі як бязлікі інструмент. Адсюль атрымліваецца, што механічнае падпарадкаванне зямлі г.зн. павышэнне аб’ёмаў вытворчасці, гэта далёка не ўсё, што Пан Бог уклаў у сваю ідэю чалавечай працы. Таму давайце задумаемся у чым жа тады яе найвышэйшая каштоўнасць?

Перш за усё праца мае маральную вартасць. Пантыфік у сваёй энцыкліцы адзначае, што: працуючы, чалавек не толькі змяняе рэчаіснасць і супольнасць, але таксама ўдасканальвае самаго сябе. Ён многаму вучыцца, развівае свае здольнасці, выходзіць за межы свайго «я» і пераўзыходзіць сябе. Калі добра разумець гэтае развіццё, то яно больш каштоўнае за знешнія багацці, якія можна здабыць. Вартасць чалавека вызначаецца тым, чым ён ёсць, а не тым, чым ён валодае. Таму ўсё, што людзі робяць для ўсталявання большай справядлівасці, пашырэння братэрства, большай гуманізацыі грамадства, мае большую вартасць, чым тэхнічны прагрэс. Бо гэты прагрэс можа толькі даць пэўную матэрыяльную базу для ўдасканалення чалавека, але сам па сабе ажыццявіць гэтае ўдасканаленне не можа”. Паводле Папы праца з'яўляецца дабром, сама па сабе, бо дзякуючы ёй чалавек удасканальвае самога сябе, нават неглядзячы на той тып працы які ён выконвае.

Акрамя таго, што праз працу чалавек сам развіваецца, яшчэ адным важным аспектам, на які звяртае ўвагу Ян Павел ІІ, з’яўляецца тое, што сам Бог працаваў ствараючы Сусвет. Чалавек, працуючы шэсць дзён і адпачываючы на сёмы становіцца падобным Богу. І акрамя гэтага, зноў жа “на падабенства Божае”, чалавек сам удзельнічае ў працэссе стварэння – ствараючы рэчы, карысныя для сябе і сваіх братоў. Гэтая праўда, падцвярджаецца і самім Хрыстом, кажа Папа. Хрыстус не толькі абвяшчаў Евангелле, але перш за ўсё рэалізаваў справамі Евангелле яму даручанае. Дастаткова ўзгадаць, што ён пражыў большую частку жыцця працуючы разам з Юзафам з Назарэту.

Св. Павел, таксама працаваў, магчыма вырабляючы намёты, каб зарабіць сабе на хлеб. Ён піша: “Мы працавалі шмат, дні і ночы, каб не быць цяжарам для вас”. А да тых, хто не працуе апостал кажа: “Хто не хоча працаваць, няхай не есць”. І нарэшце натхняе нас: “Што б вы не рабілі, рабіце гэта з сэрцам, як для Пана, а не для людзей, ведаючы якую ўзнагароду
атрымаеце ад Пана ў спадчыну”.

Энцыкліка “Laborem exercens” (“Выконваючы працу”) звяртае ўвагу на яшчэ адно важнае вымярэнне чалавечай працы. Гаворка ідзе аб тым, што праца, якую будзе выконваць чалавек пасля выгнання з Райскага саду, будзе для чалавекам цяжарам: “З-за цябе праклён будзе на зямлі тваёй; з цяжкасцю будзеш здабываць хлеб ва ўсе дні жыцця твайго”.

Цяжкасці, якія праца абавязкова нясе чалавеку, даюць яму магчымасць удзельнічаць у той місіі, якую прыйшоў споўніць Хрыстус. Гэта справа збаўлення, здзейсненная праз цярпенне і смерць на крыжы. Выконваючы працу з церпялівасцю і ў адзінстве з Хрыстом, укрыжаваным за нас, чалавек супрацоўнічае з Сынам Божым у адкупленні чалавецтва. Ён паказавае сябе сапраўдным вучнем Езуса, несучы свой крыж штодня у той дзейнасці якую пакліканы выконваць. У сваёй працы хрысціянін знаходзіць маленькую частку крыжа Езуса Хрыста, і прымае яго ў духу збаўлення, у якім Хрыстус прыняў за нас свой крыж.

Дарагія сябры, хрысціянін заўсёды слухаючы Божае слова, і з малітвай выконваючы сваю працу, павінен ведаць, што яго намаганні садзейнічаюць не толькі зямному прагрэсу, але так сама развіццю Божага Валадарства паміж намі.

Святы Айцец Ян Павел ІІ напрыканцы энцыклікі “Laborem exercens” (“Выконваючы працу”) звяртаецца да кожнага з нас з заклікам, каб праз гэтыя разважанні над сэнсам чалавечай працы, дзякуючы якой павінны павялічыцца шматлікія матэрыяльныя даброты, павялічыліся таксама павага да годнасці іншага чалавека, братэрскія адносіны паміж намі і свабода.

Мы развітваемся да наступнага аўторка. Пахвалёны Езус Хрыстус!








All the contents on this site are copyrighted ©.