2011-01-18 17:35:09

"Homo caritatis". Энцыкліка Бэнэдыкта XVI “Caritas in veritate”.


Мы працягваем размаўляць аб сацыяльным навучанні Каталіцкага Касцёла і ў сённяшняй праграме мы пагаворым аб энцыкліцы Папы Бэнэдыкта XVI “Caritas in veritate”(Любоў у праўдзе). Яе з’яўленне рыхтавалася ў 2008 годзе, у гадавіну энцыклікі Папы Паўла VI “Populorum progressio” (Развіццё народаў), але сусветны эканамічны крызіс вымусіў перагледзіць і дапоўніць дакумент. Энцыкліка з’явілася ў чэрвені 2009 года. “Caritas in veritate” гэта апошняя сацыяльная энцыкліка, якая была выдадзена Рымскімі Пантыфікамі таму змяшчае ў сабе разважанні аб найбольш актуальных сацыяльных праблемах сучаснасці. Яна з’яўляецца першай сацыяльнай энцыклікай Папы Бэнэдыкта XVI, які дагэтуль напісаў дзве філасофскія энцыклікі і таму меў імідж Папы-тэолага. Аднак выхад сацыяльнай энцыклікі “Caritas in veritate” увёў пэўную раўнавагу.

Цікава заўважыць, што ў назвах двух энцыклік Бэнэдыкта XVI узгадваецца слова “caritas” – любоў. Ужо у самой назве энцыклікі Папа звяртае увагу на тое, што любоў павінна быць звязана з праўдай, не толькі ў накірунку, які абазначыў св. Павел, а менавіта “праўда ў любові” (Эф 4,15), але і наадварот “любоў у праўдзе”. Такая ўвага Пантыфіка, да гэтай праблемы звязана з ягоным заклікам быць свядомымі таго, што тэрмін “любоў” у наш час разумеецца ў сэнсе вельмі збяднелым, пустым, тэрмінам, які вельмі часта не правільна тлумачыцца, аддзяляецца ад этычнага жыцця, і нарэшце з’яўляецца чужым у сацыяльнай, прававой, культурнай, палітычнай і эканамічнай сферах.

Без праўды, любоў гэта слова, якім злоўжываюць і змяняюць ягоны сэнс. Акрамя таго, калі сэнс гэтага слова змяняецца і адвольна інтэпрытуецца ў персанальных адносінах, ён застаецца выключаным з планаў і працэсаў будаўніцтва сапраўднага ўніверсальнага чалавечага развіцця, з дыялогу паміж ведамі і практыкай. Любоў у праўдзе наадварот з’яўляецца ў той момант калі крызіс мадэлі развіцця патрабуе новых правілаў і фундаментаў. І тут вельмі важна звярнуць увагу на пункт гледжання Касцёла, які не прапаноўвае тэхнічных рашэнняў праблем і не умешваецца ў палітыку дзяржаваў, але дае пэўнае суджэнне згоднае са сваімі прынцыпамі.

Касцёл кажа, што любоў становіцца універсальнай, глабальнай “базай” для дыялогу паміж людзьмі, нацыямі і культурамі.
Такім чынам Папа заклікае да таго каб любоў стала фундаментам, на якім будзе дзейнічаць рынак, праца прадпрыемстваў, якім будут кіравацца людзі бізнэсу, кіраўнікі прафсаюзаў і палітыкі.

Без разумення любові і праўды не магчымыя ні справядліваць, ні пошук супольнага дабра: любоў, такім чынам, застаецца толькі “добрым пачуццём”. “Любоў у праўдзе” гэта прынцып вакол якога фармуецца сацыяльнае навучанне Касцёла, прынцып, які увасабляецца ў практычнай форме і скіроўвае да маральных паводзінаў.

Крызіс, які наступіў у эканоміцы ў 2008 годзе стаў добрай нагодай для таго, каб шукаць новыя правілы у эканоміцы. Сёння свет патрабуе глыбокага культурнага абнаўлення і адкрыцця нанава каштоўнасцяў, на якіх будзе будавацца лепшая будучыня. Менавіта ў гэтым ключы Пантыфік заклікае нас глядзець на праблемы сучаснасці.

Адной з асноўных тэмаў энцыклікі з’яўляецца канешне сусветная эканоміка. Яе стан турбуе насельніцтва ўсіх кантынентаў. Асабліва зараз, у перыяд эканамічнага крызісу.

Адразу пасля выхаду энцыклікі у сусветнай прэсе пачалі з’яляцца артыкулы пад назвамі “Энцыкліка, якая застанецца ў гісторыі”, “Нобілеўская прэмія ў сферы эканомікі”, “Папа які хоча даць душу эканоміцы”, “Эканоміка якая глядзіць на чалавека”. Разглядаючы прыроду эканамічнага крызісу, яго прычыны і наступствы, Папа ў сваім дакуменце кажа, што эканоміка без братэрства, без любові і дару з’яўляецца эканомікай эгаістычнай. “Для таго, каб эканоміка працавала, яна патрабуе этыкі”- кажа Папа.

Каб эканоміка стала здаровай, паводле Пантыфіка, неабходна каб яна стала сацыяльнай, гэта значыць арыэнтаванай на чалавека, на яго патрэбы, уважлівай да яго клопатаў, якая будзе ўзвышаць яго годнасць. Чалавеку не дастаткова даваць добры заробак, кажа Папа, трэба стварыць адпаведныя ўмовы жыцця і працы. Тады чалавек не страціць сваёй крэатыўнасці, здольнасці працаваць лепш і больш. Менавіта стварэнне такіх умоваў немагчыма без разумення неабходнасці дару, бескарыснасці, любові, якая ажыццяўляецца ў праўдзе. Менавіта гэта з’яўляецца галоўнай тэмай энцыклікі.

Дарагія сябры, эканамічныя праблемы, гэта толькі адна са сфераў чалавечага жыцця, якім прысвечана энцыкліка Бэнэдыкта XVI “Caritas in veritate”. Аб іншых важных пытаннях, адказ на якія дае Пантыфік мы пагаворым у наступных праграмах. Да сустрэчы праз тыдзень! Пахвалёны Езус Хрыстус!








All the contents on this site are copyrighted ©.