2011-01-17 10:42:35

Заўтра пачынаецца Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў


RealAudioMP3 Экуменічныя малітвы ў храмах розных канфесій і роздум аб гісторыі і сучаснасці Іерусаліму - гораду, дзе 2000 гадоў таму нарадзілася хрысціянства - з'яўляюцца асноўнымі элементамі сёлетнега Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў. Ён пачынаецца заўтра, 18 студзеня.

Матэрыялы для Тыдня ў гэтым годзе падрыхтавалі хрысціяне з Іерусаліму, якія выбралі таксама яго дэвіз, словы з Дзеяў Апосталаў: “Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам” (пар. Дз 2, 42).

Падчас экуменічных набажэнстваў мясцовыя іерархі на ўсім свеце будуць абвяшчаць казанні ў храмах іншых хрысціянскіх супольнасцяў. Паводле традыцыі, падчас экуменічнага Тыдня на набажэнствы, якія арганізуюцца ў храмах розных канфесій, запрашаюцца прадстаўнікі братніх Касцёлаў. Яны не толькі прымаюць удзел у супольнай малітве але і абвяшчаюць казанні.

У Беларусі таксама пройдуць адмысловыя набажэнствы з гэтай нагоды. У мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў 22 студзеня гг. у 19.30 адбудзецца супольная малітва прадстаўнікоў розных канфесій Беларусі.







All the contents on this site are copyrighted ©.