2011-01-16 13:21:44

Бэнэдыкт XVI заклікае да салідарнасці з хрысціянамі вымушанымі пакінуць свае землі


RealAudioMP3 Да спецыяльнай памяці аб хрысціянах, вымушаных пакідаць свае землі, заклікаў сёння папа Бэнэдыкт XVI вернікаў перад малітвай “Анёл Панскі”. Ён нагадаў, што ў гэтую нядзелю адзначаецца Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, які заахвочвае да разважання вопыту многіх людзей і сем'яў, якія шукаюць лепшых умоў жыцця.

Дарагія браты і сёстры!

У гэтую нядзелю адзначаецца Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, кожны год заклікаючы нас да разважання аб вопыце многіх людзей і сем'яў, якія пакідаюць сваю краіну ў пошуках лепшых умоў жыцця. Гэта міграцыя часам добраахвотная, часам, на жаль, вымушаная праз войны або пераследы і часта адбываецца, як вядома, у драматычных абставінах. Такім чынам, больш за 60 гадоў таму была ўтворана пасада Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў. Ва ўрачыстасць Святой Сям'і неўзабаве пасля Божага Нараджэння мы ўзгадвалі, што таксама бацькі Езуса былі вымушаны ўцякаць са сваёй зямлі ў Егіпет, каб выратаваць жыццё свайго дзіцяці: Месія, Сын Божы, стаў бежанцам. Касцёл заўсёды перажывае ў сваім улонні вопыт міграцыі. Часам, на жаль, хрысціяне вымушаны адмовіцца сярод пакут ад сваіх земляў, тым самым робячы больш беднымі свае краіны, дзе жылі іх продкі. З іншага боку, добраахвотнае перамяшчэнне хрысціян, па розных прычынах, з аднаго горада у другі, з аднаго кантыненту на другі, з’яўляюцца магчымасцю ўмацавання місіянерскага дынамізму Божага Слова, робячы такім чынам, што сведчанне веры ў большай ступені развіваецца ў Містычным Целе Хрыста, перасякаючы народы і культуры, здабываючы новыя межы і новыя асяроддзі.

"Адзіная чалавечая сям'я" - гэта тэма паслання, напісанага мной на гэты дзень. Яна дэманструе мэту вялікага падарожжа чалавецтва на працягу стагоддзяў: стварэнне адной сям'і, вядома, пры ўсіх адрозненнях, якія ўзбагачаюць яе, але без якіх-небудзь перашкод, прызнаючы ў сабе братоў. Так кажа Другі Ватыканскі Сабор: "Усе народы ўтвараюць адну супольнасць, маюць адно паходжанне, таму што Бог рассяліў увесь чалавечы род па ўсім зямным абшары" (дэкларацыя “Nostra Aetate”, 1). Касцёл - кажа Сабор, - "з’яўляецца ў Хрысце як бы сакрамэнтам, або знакам і прыладай унутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва " (канстытуцыя "Lumen gentium", 1). Таму, вельмі важна, каб хрысціяне, хоць і рассеяныя па ўсім свеце, і, такім чынам, з'яўляючыся носьбітамі розных культур і традыцый, стваралі адно, як гэтага хоча Пан. І гэта мэта Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які будзе праходзіць у бліжэйшыя дні - з 18 па 25 студзеня. У гэтым годзе, ён чэрпае натхненне з фрагмента Дзеянняў святых Апосталаў: "Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам"(пар. Дз 2, 42). Тыдню малітваў аб адзінстве хрысціянаў папярэднічае заўтрашні Дзень яўрэйска-хрысціянскага дыялогу: гэта вельмі значная блізкасць, якая паказвае важнасць агульных каранёў, злучаючых яўрэяў і хрысціянаў.

Звяртаючыся да Панны Марыі ў малітве “Анёл Панскі”, даручым яе апецы ўсіх мігрантаў і тых, хто займаецца душпастырскай працай сярод іх. Няхай Марыя, Маці Касцёла, садзейнічае нашаму шляху да поўнага адзінства ўсіх вучняў Хрыста”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа запэўніў у сваёй адмысловай малітве насельніцтва Аўстраліі, Бразіліі, Філіпін і Шры-Ланкі, якія ў апошні час пацярпелі ад разбуральных паводак. "Няхай Пан прыме душы памерлых, няхай дасць сілы бежанцам і дапамагае тым, якія спяшаюцца аблегчыць цярпенні і няшчасці" - пажадаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.