2011-01-15 15:00:36

"La Croix": чаму цуд праз заступніцтва Яна Паўла II адбыўся ў Францыі?


RealAudioMP3 Чаму цуд аздараўлення праз заступніцтва Яна Паўла II, неабходны для яго беатыфікацыі, адбыўся менавіта ў Францыі? - пытае журналіст штодзённай французскай каталіцкай газеты "La Croix" Ізабэль дэ Гуальмін.

"Некаторыя людзі шапталіся, чаму не ў Польшчы, каханай радзіме Яна Паўла II? Ці ў самым Рыме, дзе быў біскупам? Або ў Лацінскай Амерыцы ці нават у Афрыцы? - землях, якія ён з задавальненнем наведаў падчас сваіх вялікіх падарожжаў? - піша журналіст.

Цуд, аднак, адбыўся ў Францыі - краіне, якая з'яўляецца "дрэнным вучнем каталіцкай Еўропы, апошняй ў курыяльных статыстыках, калі гаворка ідзе пра колькасць святароў, хрышчэнняў, практыкуючых вернікаў", дзе Касцёл “несдысцыплінаваны”, вельмі крытычны, той, які "вельмі позна далучыўся да польскага пантыфікату". Ян Павел II ставіў гэтаму Касцёлу цвёрдыя пытанні, з вядомым заклікам: "Францыя, першародная дачка Касцёла, ці верная ты сваім хросным абяцанням?" - аналізуе дэ Гуальмін.

Цуд адбыўся ў краіне, дзе - на яе думку - менш за ўсё чакалі, і ў гэтым уся выключнасць сітуацыі. Яна вынікае з таго, што "краіну Вальтэра не можна падазраваць у існаванні груп медыкаў - прыхільнікаў цудаў". А калі аздараўленне невытлумачальнае з пункту гледжання навукі, то маем справу з цудам. Акрамя таго, у Францыі, "спадчына Яна Паўла II праз шэсць гадоў пасля яго смерці стала больш відавочнай", - дадае публіцыст.

Дэ Гуальмін нагадвае святкаванне Сусветнага дня моладзі ў Парыжы ў 1997 годзе з удзелам папы Яна Паўла II, які "ўяўляе сабой прарыў у гісторыі Касцёла” у Францыі. Аказалася, што "католікі могуць па-ранейшаму шматлюдна збірацца, здзіўляць і нават весці за сабой, і што яны больш не павінны заставацца ў цені". "Гэта падзея, якая паводле прагнозаў журналістаў павінна была стаць пройгрышам, апынулася трыўмфам, знакам новага, свабоднага ад комплексаў спосабу існавання каталіцызму ў краіне, гэтага знакамітага пакалення “Яна Паўла II”. Ці ж гэта не чарговы цуд?” - пытаецца ў сваім артыкуле ў "La Croix" журналіст.







All the contents on this site are copyrighted ©.