2011-01-13 13:01:22

Кард. Шонборн: 2010 год быў цяжкім для Касцёла ў Аўстрыі


RealAudioMP3 2010 год быў цяжкім для Касцёла ў Аўстрыі, падкрэсліў кардынал Крыстаф Шонборн у інтэрв’ю аўстрыйскаму тэлебачанню “ORF”.

Мітрапаліт Вены і кіраўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Аўстрыі сказаў, што ён быў вельмі моцна занепакоены весткамі аб сексуальным выкарыстанні непаўналетніх прадстаўнікамі Касцёла, аб чым стала вядома ў мінулым годзе. Адначасова ён нагадаў, што Касцёл не ўспрыняў гэтую інфармацыю пасіўна, але пачаў актыўную працу па абароне ахвяраў, што выклікала пазітыўную рэакцыю у грамадстве.

Кардынал Шонборн, які прымае ўдзел у спатканні ватыканскай Кангрэгацыі Веравучэння, рашуча выступіў супраць крытыкі працы камісіі, якая займаецца справай ахвяраў злоўжыванняў і якую узначальвае Вальтраўд Класніч. Мітрапаліт падкрэсліў што камісія працуе “цалкам незалежна”, а Касцёл ва ўсіх сваіх рашэннях, якія датычацца кампенсацыі ахвярам, абапіраецца на рашэнні камісіі.

Звяртаючыся да асобаў, якія афіцыйна пакінулі Касцёл, кіраўнік епіскапату Аўстрыі сказаў, што паважае кожнае рашэнне, але адначасова мае надзею, што гэтыя людзі “будуць надалей задаваць сабе пытанні адносна Бога”. Тры пытанні, якія сфармуляваў былы арцыбіскуп Вены кардынал Франц Кёніг (1905 – 2004) – Адкуль паходжу? Куды іду? У чым сэнс майго жыцця? – датычацца кожнага чалавека, не гледзячы на тое, ці ён застаецца ў Касцёле, ці яго пакідае – сказаў кардынал Шонборн.

У тэлевізійным інтэрв’ю арцыбіскуп Вены звярнуў увагу на той факт, што Аўстрыя традыцыйна з’яўляецца каталіцкай краінай. “Сёння мы пераходзім ад Касцёла прывязанага да традыцый да Касцёла рашэнняў” – сказаў кардынал і выразіў упэўненасць, што Касцёл прыме правільнае рашэнне, калі засяродзіцца на сваёй уласнай кампетэнцыі, гэта значыць на Богу і абвяшчэнні Евангелля.

Адной з прычынаў інтэрв’ю з кардыналам Шорнборнам было абвяшчэнне Каталіцкім Касцёлам Аўстрыі статыстычных дадзеных аб колькасці католікаў у краіне. З гэтых дадзеных бачна, што іх колькасць у Аўстрыі зніжаецца: паводле стану на 31 снежня 2010 года іх было 5,45 міліёна, ў параўнані з 5,53 міліёнамі ў 2009 годзе. На працягу апошняга года Касцёл пакінулі каля 87 тысяч асобаў. Адначасова зафіксавана невялікае павялічэнне колькасці святароў і дыяканаў, а таксама асобаў, якія вяртаюцца ў лона Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.