2011-01-13 11:38:22

Венесуэла: Касцёл бароніць права на ўласнасць


RealAudioMP3 Урад Венесуэлы пад выглядам барацьбы з наступствамі паводкі абмяжоўвае прыватную ўласнасць і канфіскуе нерухомасць. Занепакоенасць па гэтай прычыне выказаў кардынал Хорхе Уроса.

Арцыбіскуп сталічнага Каракаса ўзгадаў аб спецыяльных паўнамоцтвах, якія атрымаў ад парламента Уга Чавес пасля мінулагодняй серыі стыхійных бедстваў, якія сталі наступствам беспрэцэдэнтных ападкаў. У адпаведнасці з гэтай "уладай указаў" прэзідэнт адымае ў законных уладальнікаў будынкі і палі. У першым выпадку гаворыцца аб неабходнасці знайсці дах над галавой для пацярпелых ад паводкі, у другім - пра нібыта харчовую бяспеку краіны. Па словах кардынала Уросы ў рэчаіснасці гэта толькі апраўданне, бо пазбаўленне маёмасці, паколькі з’яўляецца важнай праблемай грамадскага значэння, павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з працэдурамі запісанымі ў канстытуцыі. Акрамя таго, як адзначае іерарх, стратаў ад паводак, якія ахапілі 130 тыс. чалавек, не можна вярнуць на працягу некалькіх месяцаў, а рэканструкцыя краіны павінна адбывацца з узгадненнем інтарэсаў розных сацыяльных груп.

Варта адзначыць, што парушэнне права ўласнасці ў Венесуэле звязана не толькі з паводкай. У апошнія пяць гадоў (2005-2010) было зарэгістравана больш за 1700 такіх выпадкаў. Дзяржава канфіскуе нерухомасць, якая належаць, напрыклад, гуманітарным арганізацыям, каб перадаць яе затым для стварэння так званых сацыялістычных абшчын.







All the contents on this site are copyrighted ©.