2011-01-12 15:28:09

Бэнэдыкт ХVI: чым больш мы любім Бога, тым больш любім бліжніх


RealAudioMP3 Сёння, 12 студзеня, у першай палове дня адбылася агульная аўдыенцыя Папы з вернікамі ў зале Паўла VI. Сваю катэхезу Святы Айцец прысвяціў італьянскай святой Кацярыне з Генуі, францішканскай тэрцыярцы і апякунцы бедных і хворых, якая жыла ў 1447–1510 гг.

Дарагія браты і сёстры!

Сёння, пасля катэхезаў пра Кацярыну Сіенскую і Кацярыну з Балоніі, хацеў бы расказаць вам пра іншую святую, імя якой Кацярына. Буду гаварыць пра Кацярыну з Генуі, якая стала вядомай дзякуючы таму, што бачыла чысцец.

Кацярына нарадзілася ў Генуі ў 1477 годзе. У сям’і была апошняю з пецярых дзяцей. Яе маці, Франчэска ві Нэгро, дала ёй добрую хрысціянскую адукацыю. Варта нагадаць, што дзве старэйшыя дачкі сталі законніцамі. Кацярына ў 16 гадоў выйшла замуж за Джуліяна Адорно, чалавека, які пасля розных ваенных і камерцыйных акцый на Блізкім Усходзе вярнуўся ў Геную, каб ажаніцца з ёю. Жыццё ў сужэнстве не было лёгкім, таксама і з прычыны характару мужа, які меў схільнасць да азартных гульняў. Кацярына спачатку вяла мірское жыццё, аднак не спазнала ў ім радасці. Праз дзесяць гадоў пачала адчуваць у сэрцы пустату і горыч.

Навяртанне пачалося з унікальнага здарэння 20 сакавіка 1473 года. Прыйшоўшы ў касцёл святога Бэнэдыкта і кляштар Божай ласкі, каб паспавядацца, стоячы на каленях перад святаром, яна «атрымлівае — як сама пазней напісала — рану на сэрцы, вялікую любоў да Бога» з ясным бачаннем сваёй убогасці і недахопаў. У той жа час яна адчувае дабрыню Бога, ад чаго ледзьве не страчвае прытомнасці. Зведанае нарадзіла ў ёй рашэнне адносна свайго жыцця, якое яна выразіла ў словах: «Не хачу больш свету, не хачу больш грахоў». Кацярына, пакінуўшы канфесіянал, пабегла дадому. Яна ўвайшла ў пакой і доўга плакала. У гэты час яна атрымала вялікую любоў Бога да яе, грэшніцы; атрымала духоўны вопыт, які не магчыма выказаць словамі ( Vita mirabile 4). Праз некалькі дзён яна вярнулася да святара, каб, нарэшце, добра паспавядацца. З гэтага пачынаецца «ачышчальнае жыццё», якое на працягу доўгага часу прычыняе ёй пастаянны боль за ўчыненыя грахі і заклікае яе пакаяцца і ахвяравацца Богу, каб паказаць сваю любоў да Яго.

На гэтым шляху Кацярына была ўсё бліжэй і бліжэй да Пана. Яна аддаецца у рукі таго, хто даваў ёй усё неабходнае для жыцця на працягу 25 гадоў. Кацярына піша: «Ад ніводнай істоты не мела дапамогі, падтрымліваў мяне і кіраваў мною толькі Бог». Сілкавалася ў асноўным няспыннай малівай і штодзень прыступаючы да святой Камуніі, што было незвычайным у той час.

Кацярына не хацела абнародаваць свае містычныя адносіны з Богам, найперш з прычыны глыбокай пакоры, якую адчувала перад ласкай Пана. Толькі перспектыва праславіць Яго і радавацца духоўным шляхам іншых падштурхоўвае яе расказаць усё, што з ёю адбылося, пачынаючы ад моманту навяртання — таго фундаментальнага і арыгінальнага вопыту. Месцам, дзе яна ўчыніла гэта, была бальніца Памматонэ, найбуйнейшы лячэбны комплекс у Генуі, дырэктарам якога яна з’яўлялася. У Памматонэ вакол яе сфармавалася група паслядоўнікаў, вучняў і супрацоўнікаў, якія былі зачараваны яе жыццём і міласэрнасцю. Нават былы муж Кацярыны пакінуў бессэнсоўны лад жыцця і далучыўся да яе. Стаўшы францішканскім тэрцыярцам, ён перайшоў працаваць у бальніцу, каб дапамагаць жонцы. Хворым Кацярына служыла да канца свайго зямнога жыцця. Памерла яна 15 верасня 1510 года.

Дарагія сябры, мы ніколі не павінны забываць: чым больш мы любім Бога і трываем у малітве, тым больш мы зможам па-сапраўднаму любіць тых, хто навокал нас, таму што мы будзем у стане бачыць у кожным чалавеку аблічча Пана, які любіць без межаў і адрозненняў. Містыка не стварае адлегласці ад іншых, не стварае абстрактнага жыцця, а хутчэй набліжае да іншага чалавека, таму што мы пачынаем бачыць і дзейнічаць вачыма і сэрцам Бога.

Сваім жыццём святая Кацярына вучыць нас, што чым больш мы любім Бога і ўступаем у блізкасць з Ім у малітве, тым больш Ён дазваляе пазнаць сябе і перамяняе нашыя сэрцы сваёй любоўю. Пішучы пра чысцец, святая нагадвае нам пра фундаментальную праўду веры, якая становіцца для нас запрашэннем маліцца за памерлых, каб тыя змаглі ўбачыць Бога ў лучнасці святых. Сціплае, вернае і шчодрае служэнне, якое святая Кацярына несла праз усё сваё жыццё ў бальніцы Памматонэ, было яркім прыкладам міласэрнасці для ўсіх і заахвочваннем для жанчын, якія ўносяць важны ўклад у жыццё грамадства і Касцёла сваёй каштоўнай працай, узбагачанай іх чуласцю і ўвагаю да самых бедных і патрабуючых.

На заканчэнне аўдыенцыі Папа прывітаў вернікаў і ўдзяліў усім сваё апостальскае благаслаўленне.







All the contents on this site are copyrighted ©.