2011-01-12 17:07:04

Бэнэдыкт XVI выказвае салідарнасьць з народам Гаіці ў першую гадавіну землятрусу


RealAudioMP3 У першую гадавіну трагічнага землятрусу, які адбыўся 12 студзеня мінулага года на Гаіці, Бэнэдыкт XVI накіраваў народу гэтай краіны спецыяльнае пасланне салідарнасці і пажадання Божага благаслаўлення. Са зместам гэтага дакумента панаёміў жыхароў краіны спецыяльны пасланнік Святога Айца, старшыня Папскай рады "Cor Unum" кардынал Роберт Сара падчас св. Імшы, якую сёння ўзначаліў у катэдры Порт-о-Прэнс.

У сваім пасланні Папа напісаў: "У першую гадавіну страшнага землятрусу, які прынёс жалобу вашай краіне, лучуся з усімі вамі, дарагія гаіцяне, запэўніваючы вас у маёй малітве, асабліва за тых, хто загінуў.

У той жа час, хацеў бы пераказаць вам словы надзеі ў цяперашніх абставінах, асабліва цяжкіх.

Сапраўды, цяпер настаў час не толькі аднаўлення матэрыяльных структур, але, перш за ўсё, суіснавання грамадзянскага, сацыяльнага і рэлігійнага. Я жадаю, каб гаіцянскі народ быў першым гаспадаром сваёй сучаснай гісторыі і сваёй будучыні, разлічваючы таксама на міжнародную дапамогу, якая ўжо паказала прыкметы незвычайнай шчодрасці дзякуючы эканамічнай дапамозе і добраахвотнікам, якія прыбылі з усіх краін".

На заканчэнне паслання Папа даручыў усіх Божай Маці Нястомнай Дапамогі, заступніцы Гаіці, якая - як запэўніў Святы Айцец – з неба не застаецца абыякавай да малітваў.







All the contents on this site are copyrighted ©.