Італія: міністр замежных спраў жадае ўвядзення маніторынгу рэлігійнай свабоды ва ўсім
свеце
Прапанову
сачыць за сітуацыяй ў краінах, дзе хрысціяне складаюць меншасць, а таксама магчымасць
санкцый за парушэнне рэлігійных свабод, склаў міністр замежных спраў Італіі Франка
Фраціні. Разам з кіраўнікамі дыпламатыі Францыі, Польшчы і Венгрыі ён накіраваў ліст
у гэтай справе да Кэтрын Эштан, якая ў Еўрапейскім Саюзе адказвае за замежныя справы.
Аўтары ліста звяртаюцца з просьбай, каб тэма пераследу хрысціянаў была ўнесена
ў праграму сустрэчы ў Брусэлі 31 студзеня і каб супольнасць прыняла канкрэтныя меры
для забеспячэння павагі свабоды веравызнання.
Тлумачачы для італьянскага грамадскага
тэлебачання “RAI” гэтую ініцыятыву, міністр Фраціні заявіў, што "цалкам адкрыта прапанаваў,
каб краіны, якія не супрацоўнічаюць у гэтай галіне, больш не атрымлівалі шчодрыя субсідыі
ад Еўрапейскага Саюза".
На пытанне, чым можа быць растлумачана адсутнасць
у цяперашні час адзінага рашэння Еўропы па гэтым пытанні, кіраўнік італьянскага знешнепалітычнага
ведамства заявіў, што прычына - паводле яго - у тым, што існуе “блытаніна вакол паняцця
дыялогу паміж рэлігіямі". "Дыялог мае надзвычай важнае значэнне. Усе рэлігіі павінны
мець гарантыі. Але справа ў тым, што ў гэты час падвяргаюцца пераследу менавіта хрысціяне",
- сказаў Фраціні.