2010-12-21 15:37:32

Ніводны хворы не павінен чуцца забытым ці адкінутым.
Пасланне Папы Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень хворага


RealAudioMP3 «Яго ранамі мы ацаліліся», - словы з Першага паслання святога Апостала Пятра сталіся тэмай паслання Папы Бэнэдыкта XVI на чарговы Сусветны дзень хворага, які будзе адзначацца 11 лютага 2011 года, у дзень літургічнага ўспаміну Маці Божай Лурдскае.

У пасланні, абнародаваным 18 сьнежня 2010 г, Святы Айцец звяртае ўвагу на тое, што, паколькі кожны чалавек з'яўляецца нашым братам, тым больш ім ёсць хворы чалавек. Таму немагчыма дапускаць, каб пакутвалі тыя, хто мае патрэбу ў лячэнні, каб яны былі пазабытымі, пазбаўленымі ўвагі.

Успамінаючы хвіліны малітвы перад Турынскай плашчаніцаю і разважаючы над Хрыстовымі ранамі, Бенедыкт XVI заахвочвае вернікаў задумацца над словамі святога Пятра: "Яго ранамі мы ацаліліся». Ён накіроўвае сваю клапатлівую думку да ўсіх тых, якія на працягу стагоддзяў ахвяруюць свае пакуты Богу, злучаючы іх з Хрыстовымі і тым самым указваючы на галоўны дар Бога нам, людзям - надзею Уваскрэсення.

«Уваскроснуўшы, Пан не вырваў семя пакуты і злоснасці свету, але перамог іх у карані», - піша Бэнэдыкт XVI, успамінаючы, што сіле зла Бог супрацьпаставіць ўсемагутнасць Сваёй любові.

Папа звяртаецца з асобымі словамі суцяшэння да юнакоў і дзяўчат, якія перажываюць вопыт хваробы, і звяртае заахвочванне да ўсіх маладых аб міласэрднасці ў святле маючага адбыцца Сусветнага дня моладзі ў Мадрыдзе.

«Часта,- зазначае Святы Айцец, цярпенні і Крыж Езуса палохаюць, бо здаюцца адмаўленнем жыцця,.. але напраўду гэта зусім наадварот!..Крыж ёсць Божыім «так» - чалавеку (прызнаваннем чалавека да канца), Найбольш высокім і яскравым выразам Ягонае любові і крыніцаю, з якой б'е плыня жыцця вечнага».
У сваім пасланні Папа запрашае маладых сустракаць Езуса ў Еўхарыстыі і быць гатовымі служыць Пану, твар Якога адбіты ў галечных, у хворых – у братах, якія маюць патрэбу ў дапамозе.

Бэнэдыкт XVI таксама заклікае прадстаўнікоў улады ўкладваць больш адпаведныя інвестыцыі ў сферу аховы здароўя і выказвае падзяку ўсім, хто аказвае медыцынскую і пастырскую дапамогу хворым. «Яго ранамі мы ацаліліся»







All the contents on this site are copyrighted ©.