2010-12-20 15:28:04

Бэнэдыкт XVI сустрэўся з працаўнікамі Рымскай Курыі


RealAudioMP3 Сёння адбылася традыцыйная перадсвяточная сустрэча Святога Айца з працаўнікамі Рымскай Курыі. У сваёй прамове Пантыфік указаў на важнасць маральнага аднаўлення, неабходнасць прымірэння на Блізкім Усходзе і паслухмянасць праўдзе падначаленай сумленню.

«З вялікім задавальненнем сустракаюся з вамі, паважаныя члены Калегіі Кардыналаў, працаўнікі Рымскай Курыі і Ватыкана, з нагоды гэтай традыцыйнай сустрэчы».- сказаў Папа

«Excita, Domine, potentiam tuam, et veni» («Абудзі, Пане, сваю сілу і прыбудзь») — гэтымі і падобнымі словамі Касцёл моліцца ў час Адвэнту. Таксама і сёння ў нас шмат прычын, каб з’яднацца ў гэтай малітве Касцёла ў час Адвэнту. «Excita» — гэта малітва, якая нагадвае крык вучняў, звернуты да Пана, які спаў у лодцы. У вялікіх бедах, якія мы зведалі ў гэтым годзе, гэтая малітва Адвэнту заўсёды вярталася да мяне. З вялікай радасцю мы пачалі Год святарства і, дзякуючы Богу, мы змаглі завяршыць яго з вялікай падзякай. У нас, святарах, у свецкіх асобах і ў маладых людзей была адноўлена свядомасць таго, што ўяўляе сабой дар святарства для Каталіцкага Касцёла. Мы былі ў вялікім шоку, калі даведаліся пра жорсткія злоўжыванні адносна дзяцей з боку некаторых святароў. Гэтыя маладыя людзі атрымалі глыбокія раны, якія нясуць праз усё сваё жыццё. Мы мусім прыняць гэтае прыніжэнне як заклік да праўды і да аднаўлення. Толькі праўда збаўляе. Мы павінны спытаць у сябе: што мы павінны зрабіць, каб выправіць дадзеную несправядлівасць на колькі гэта толькі магчыма. Мы павінны спытаць сябе: што было памылковым у нашым абвяшчэнні, у нашым хрысціянскім ладзе жыцця. Мы павінны знайсці новыя рашэнні ў веры і ў дабры. Мы павінны быць здольныя пакаяцца. Мы павінны зрабіць усё магчымае ў падрыхтоўцы да святарства, каб такія здарэнні больш ніколі не паўтарыліся. Гэта таксама нагода для таго, каб ад усяго сэрца падзякаваць усім тым, хто імкнецца дапамагчы ахвярам і аднавіць іх давер да Касцёла. У ходзе маіх сустрэч з ахвярамі гэтых грахоў, я заўсёды знаходзіў людзей, якія з вялікай адднасцю стаяць побач таго, хто церпіць.

Мы ўсведамляем цяжар гэтага граху, здзейсненага святарамі, і нашу адказнасць за гэта. Аднак мы не можам маўчаць адносна культурнага кантэксту нашага часу, у якім існуе рынак дзіцячай парнаграфіі, які чамусьці, здаецца, усё часцей разглядаецца грамадствам як нармальная з’ява. Псіхалагічнае спусташэнне дзяцей, у якіх чалавечыя істоты зводзяцца да крытэрыя рынку, з’яўляецца страшным знакам нашага часу. Ад біскупаў краін Трэцяга свету я зноў і зноў чую, як сексуальны турызм пагражае цэлым пакаленням і наносіць шкоды чалавечай годнасці. У гэтым кантэксце ўздымаецца пытанне аб наркотыках, якія з нарастаючай сілай распаўсюджваюцца ва ўсім свеце.

Далей Святы Айцец засяродзіўся ў сваёй прамове на Сінодзе Біскупаў для Блізкага Усходу. Усё пачалося, — як сказаў Папа, — ад маёй паездкі на Кіпр, дзе я змог перадаць «Інструмэнтум Лаборыс» біскупам гэтых краін. Я ніколі не забуду гасціннасці Праваслаўнай Царквы Кіпра, якую нам давялося зведаць з вялікай удзячнасцю. Нават калі нам яшчэ не дадзена поўнае адзінства, тым не менш мы з радасцю адзначаем, што на фундаменце старажытнага Касцёла мы глыбока аб’яднаныя адно з адным.

Гаворачы аб усім рэгіёне Блізкага Усходу, Святы Айцец адзначыў, што ў складаныя найнавейшыя часы павялічыліся напружанні і падзелы да той ступені, што мы пастаянна з’яўляемся сведкамі актаў насілля. «У цяперашняй сітуацыі хрысціяне з’яўляюцца меншасцю, якая найбольш церпіць прыгнёт».

Спасылаючыся на свой візіт у Вялікабрытанію, Святы Айцец закрануў пытанне ўкладу Касцёла ў абмеркаванне пытанняў праўды і веры. Пантыфік нагадаў, што ўмоваю функцыянавання дэмакратыі з’яўляецца асноўны маральны кансэнсус, які выводзіцца з хрысціянскай спадчыны. Святы Айцец таксама нагадаў пра жыццёвы шлях кардынала Джона Генры Ньюмана, беатыфікацыю якога ён здзейсніў. Затым Папа ўказаў на ролю сумлення, якое з’яўляецца не столькі суб’ектыўным асуджэннем, сколькі здольнасцю чалавека пазнаць праўду ў важных галінах чалавечага жыцця: рэлігійнага і маральнага.

Падводзячы вынікі года, Святы Айцец звярнуў увагу на разнастайную прысутнасць Божай сілы і дабрыні таксама і сёння. Такім чынам, мы маем многа прычын, каб дзякаваць Богу.







All the contents on this site are copyrighted ©.