2010-12-16 13:26:57

Сёння Бэнэдыкт ХVІ прыняў даверчыя граматы новых дыпламатычных прадстаўнікоў пры Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 Святы Айцец прыняў сёння на аўдыенцыі паслоў: Непалу, Замбіі, Андорскага княства, Рэспублікі Сейшэльскія Астравы і Малі, якія ўручылі яму даверчыя граматы.

Бэнэдыкт ХVІ звярнуўся да новых дыпламатычных прадстаўнікоў пры Апостальскай Сталіцы з прывітальнай прамовай.

Ён падкрэсліў адказнасць і важнасць місіі, якую выконваюць паслы.

“Праз вас я таксама хацеў бы прывітаць грамадзянскія і рэлігійныя ўлады вашай краіны, і ўсіх вашых суайчыннікаў. Мае малітвы і думкі, натуральна, накіраваны таксама да каталіцкіх супольнасцяў у вашых краінах. Жывучы Евангельскім духам, яны заклапочаныя тым, каб даваць прыклады чалавечага братэрства.” – сказаў Папа

Святы Айцец нагадаў аб цяжкасцях і пакутах жыхароў Гаіці, закранутых спачатку бядой землятрусу, а затым халерай. Ён нагадаў аб іншых трагедыях, якія сёлета напаткалі свет і адзначыў, што ў гэтых выпадках на заклікі аб тэрміновай дапамозе адгукнулася міжнародная супольнасць, што
неабходна падтрымліваць, працягваць і актывізаваць. Папа заўважыў, што і Касцёл праз свае шматлікія ўстановы ўносіць пасільны і разнастайны ўклад у гэтыя намаганні і будзе працягваць гэта рабіць.

“Прыгожы ідэал братэрства, які паказалі многія краіны, рэалізуе развіццё філасофскіх і палітычных ідэалаў, такіх, як свабода, роўнасць, прагрэс і адзінства. Нажаль, гэтыя прынцыпы застаюцца ў значнай ступені на паперы ў сучаснай палітыцы, асабліва пад ўплывам індывідуалістычных або калектывісцкіх ідэалогій (гл. Кампендый сацыяльнага навучання Касцёла, п. 390).

Братэрства, як вы ведаеце, мае асаблівы сэнс для хрысціянаў дзеля братняй Божае любові. Братэрства асаблівым чынам рэалізавалася ў Хрысце. Акрамя таго, у маёй апошняй энцыкліцы "Саritas in Veritate”, - працягваў Папа,- я разважаў на гэтую тэму ў ракурсе неабходнасці яго пашырэння для гарманічнага чалавечага суіснавання.

Каб жыць з годнасцю, усе людзі маюць патрэбу ў павазе. Чалавеку таксама неабходна, каб існавала справядлівасць, а ягоныя правы прызнаваліся. Аднак, гэтага недастаткова, каб зрабіць наогул жыццё сапраўды гуманным: тут неабходна менавіта братэрства. Гэта важна не толькі ў адносінах да блізкіх людзей, але і ў грамадскім і нават планетарным памеры. Нажаль, калі цяперашні працэс глабалізацыі прыводзіць людзей да набліжэння, ён не робіць іх братамі. Гэта сур'ёзная праблема, паколькі, як адзначыў мой папярэднік папа Павел VI "адсталасць выклікана глыбокай адсутнасцю братэрства" (Populorum Progressio, п. 20).

Чалавечы розум у стане прызнаваць роўнасць усіх людзей і неабходнасць абмежавання празмернай няроўнасці, але не здольны ўсталяваць братэрства. Гэта звышнатуральны дар. Са свайго боку, Касцёл бачыць рэалізацыю чалавечага братэрства на зямлі сваім пакліканнем, змешчаным у самой стваральнай Божай задуме. Яна павінна ўсё глыбей выяўляцца праз адрыццё на веру як універсальным, так і на мясцовым узроўнях. У прыватнасці, і ў краінах, якія вы прадстаўляеце пры Святым Пасадзе.” – звярнуўся Папа да новых дыпламатычных прадстаўнікоў.

На заканчэнне Папа выказаў упэўненасць, што прысутныя дыпламаты, зацікаўленыя адмысловым чынам у развіцці палітычнага і сацыяльнага жыцця, маюць магчымасць ажыццяўляць гэта падчас місіі пры Апостальскай Сталіцы. У прыватнасці, інфармуючы больш шырока і непасрэдна аб дзейнасці і праблемах Касцёла на ўсіх кантынентах. Святы Айцец запэўніў новых паслоў, што яны знойдуць у Ватыкане ветлівую ўвагу з боку ўсіх супрацоўнікаў. Папа ўдзяліў сваё благаслаўленне прысутным дыпламатам, іх памочнікаў у высокай місіі і іх сем'ям.







All the contents on this site are copyrighted ©.