2010-12-16 13:43:33

Папа звярнуўся да моладзі, якая прыедзе ў Ратэрдам


RealAudioMP3 Святы Айцец Бэнэдыкт XVI звярнуўся да ўдзельнікаў 33-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Ратэрдаме (Нідэрланды). 28 снежня 2010 г. па запрашэнні экуменічнай супольнасці з Тэзэ там збяруцца каля 30 тысяч маладых жыхароў з усёй Еўропы.

У сваім пасланні Папа выказвае перакананне, што юнакі і дзяўчаты, якія прыедуць у Ратэрдам, знойдуць знакі надзеі, нягледзячы на шматлікія выклікі нашых часоў. Ён пажадаў сапраўднай моцы і супакою ў Духу Святым усім удзельнікам сустрэчы, а таксама душпастырам, парафіям і сем’ям, якія будуць прымаць гасцей з Еўропы.

Папа звяртаецца да маладых людзей: “На працягу гэтых дзён вы адкрыеце, што радасць не аддаляе вас ад салідарнасці з чалавечымі цярпеннямі, яна глыбока звязана з даверам Богу. Жывучы гэтым даверам, прымаючы яго, дазваляйце, каб здзяйснялася прынесенае Хрыстом поўнае аднаўленне чалавечай істоты. Такім чынам вамі будзе кіраваць адвага, каб маглі ісці супраць плыні, калі гэта будзе неабходна. Не паддаючыся мроям індывідуалізму, аддаючы сябе ў дар іншым , вы зможыце станавіцца людзьмі адзінства.

Няхай Дух Святы пасля вашага вяртання дадому напоўніць вас пачуццём любові без межаў, няхай адорыць вас фантазіяй і адвагай, навучыўшы, як ператварыць вашы супольнасці ў месцы, поўныя сардэчнай дабрыні і даверу. Хай супакой, які Ён удзеліць вам, распаўсюдзіцца на іншых людзей і на ўвесь свет”, - пажадаў моладзі Святы Айцец.

Напрыканцы паслання Папа запрашае ўдзельнікаў на Cусветны дзень моладзі ў Мадрыд у жніўні 2011 года і аддае іх пад апеку Панны Марыі, Маці вернікаў, якая “у Кане стала першай сведкай радасці, якую яе Сын прынёс свету”.







All the contents on this site are copyrighted ©.