2010-12-14 18:02:00

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Пазітыўны рэалізм у дыялогу


У мінулай перадачы мы разважалі аб тым, што цяперашні мультыкультуральны свет атакуе кожнага чалавека разнастайнай, часта супярэчлівай інфармацыяй, прапаноўваючы своеасаблівы рынак паслуг па фарміраванні светапогляду ці каштоўнасцей на любы густ. Каб не разгубіцца ў свеце размытых уяўленняў аб дабры і праўдзе, сучаснаму католіку жыццёва неабходна мацаваць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, уважліва прыслухоўваючыся да аўтарытэнага голасу Касцёла.

У нядаўна апублікаванай кнізе-інтэрв’ю “Святло свету: Касцёл, Папа, знакі часу” Святы Айцец Бенедыкт 16-ты так гаворыць аб спакусах сучаснага свету: “Сапраўднай пагрозай, перад якой мы стаім, з’яўляецца адкідванне талерантнасці у імя самой талерантнасці… Існуе небяспека, што розум, так званы заходні розум, будзе лічыць, што ён нарэшце знайшоў тое, што правільнае, і будзе узурпаваць сабе права на ўсё, што можа быць ворагам свабоды”.

Дзякуючы выразнай пазіцыі Папы, кожны католік мае магчымасць сканфрантаваць свае меркаванні з пазіцыяй Каталіцкага Касцёла. Здаецца, менавіта ў гэтай канфрантацыі прыватных меркаванняў з афіцыйнай дактрынай знаходзіцца крыніца разнастайных напружанасцяў у адносінах да Папы і каталіцкага вучэння аб веры і маралі. Сучасны католік, жадае ён гэтага ці не, становіцца нейкім чынам уцягнуты ў дыялог вечнага і сучаснага, Касцёла і свету. Гэты дыялог часам перарастае ў хвалі крытыкі Касцёла за яго адмысловую сістэму каштоўнасцей. Нажаль, нават многія католікі ў сваёй наіўнасці паддаюцца спакусе крытыканцтва, патураючы антыкаталіцкім сілам.

Можна заўважыць, што адносна крытыкі Касцёла вернікі часта падзяляюцца на два крайнія лагеры. Адны выступаюць катэгарычна супраць любой, нават найменшай крытыкі. Другія ж – гатовы бязлітасна бічаваць Касцёл за найменшае праяўленне слабасці яго членаў.

У гэтай перадачы спынімся на той катэгорыі людзей, якія не дапускаюць крытыкі. Гэта тыя, для каго ў Касцёле ўсё мае Боскі характар, нічога – чалавечага. Яны сакралізуюць усё каталіцкае, даходзячы да крайняй ідэалізацыі і апраўдання нават грахоў паасобных членаў Касцёла. На першы погляд можа здавацца, што такі чалавек - ідэальны вернік: паслухмяны, верны і адважны абаронца веры. Аднак насамрэч такі падыход нараджае пагарду да ўсяго, што паводле гэтай асобы не каталіцкае, ксенафобію, канфесійны эгаізм і пыху, завышаныя патрабаванні да акружэння і пастаянныя прэтэнзіі. Фактычна такая нібы бескрытычная асоба не пазбаўляецца крытыканцтва, а проста вылівае яго на ўсё, што месціцца па-за яе разуменнем каталіцтва. Фундаментальная памылка такой асобы ў тым, што яна своеасабліва разуметую канфесійнасць ставіць вышэй за Бога і запаведзь любові. Такая асоба канцэнтруецца не на кантакце з Богам, не на адкрыванні таямніцы Касцёла, але на пошуку ворагаў свайго меркавання.

Здаецца, не трэба тлумачыць, што фарміраванне сапраўднай каталіцкай ідэнтычнасці зыходзіць не з негатыву ці супрацьстаўлення. Яно зыходзіць з пошуку пазітыўнага дыялога з Богам і бліжнім, адкрыванні багацця Божага Аб’яўлення і Традыцыі веры. Усялякай тэндэнцыі да ідэалізацыі належыць супрацьпаставіць здаровы падыход да Касцёла, які адпаведна прапарцыянальна сумяшчае ў сабе Боскі і чалавечы фактар. Каталіцкая самасвядомасць патрабуе ад кожнага верніка адрознення таго, што ў Касцёле Божае, а што чалавечае, што святое, а што грэшнае. Уменне лічыцца з абмежаванасцямі чалавека, і магчымасцямі, якія дае Божая ласка, адкрывае перад кожным католікам велізарныя перспектывы пазітыўнага рэалізма ў развіцці дыялога з Богам і бліжнім.








All the contents on this site are copyrighted ©.