2010-12-13 15:58:47

Італьянскі Ватыканіст: Пекін марыць аб Касцёле з біскупамі "па патрабаванню"


RealAudioMP3 Аб папраўнасці лініі, якой прытрымліваецца Бэнэдыкт XVI адносна Кітайскага Касцёла і яго адзінства і патрэбе салідарнасці з ім усіх католікаў піша вядомы італьянскі эксперт па Ватыкану Андрэа Тарнеллі. На старонках партала "La Bussola Quotidianа" ён змяшчае каментар на тэму завершанай нядаўна ў Пекіне VIII Асамблеі кітайскіх католікаў і прынятых на ёй кадравых рашэнняў.

Пішучы пра амбіцыі рэжыму ў Пекіне Тарнеллі адзначае, што кітайскі лідэр Ху Цзіньтао падчас свайго візіту ў Лондан у красавіку 2009 года быў асабліва зацікаўлены працэдурай выбару біскупаў у Англіканскай Царкве. Як вядома, яны фармальна прызначаюцца свецкай уладай. Між тым, у так званым афіцыйным Касцёле Кітая на 64 біскупы, толькі пяць ці шэсць атрымалі пасвячэнне без папскага мандата. Яскравым з'яўляецца той факт, што на кіраўнічыя пасады эквіваленту біскупскай канферэнцыі - непрызнай Ватыканам так званай Рады кітайскіх біскупаў, прызначаны тры іерархі, якія не знаходзяцца ў адзінстве з Наступнікам Пятра.

Тарнеллі лічыць, што падзеі мінулага месяца адкідваюць на чатыры гады назад адносіны паміж КНР і Святым Пасадам. На працягу гэтага перыяду са згоды Святога Айца атрымалі сакру дзесяць біскупаў. Але 20 лістапада, за тры тыдні да пачатку Асамблеі, кітайскія ўлады паміма публічных заяў Апостальскай Сталіцы, вырашылі здзейсніць нелегальнае біскупскае пасвячэнне кс. Го Джынсэя, які пазней быў прызначаны генеральным сакратаром Рады біскупаў. Італьянскі ватыканіст асцерагаецца таго, што могуць адбыцца наступныя нелегальныя пасвячэнні біскупаў. Пекін жадае, каб Касцёл быў цалкам залежны ад палітычнай улады; хоча Касцёла "патрыятычнага" і "нацыянальнага", які дзейнічае па прынцыпу самакіравання.

Апісваючы сход, ён нагадвае, што ў Асамблеі прынялі ўдзел толькі 45 біскупаў (а не 64), вымушаных гвалтам зрабіць гэта, выдаленых са сваіх дамоў паліцыяй, пад ціскам. Яны павінны былі галасаваць адкрыта, узняццем рукі толькі за кандыдатаў, вызначаных уладамі. У гэтым кантэксце італьянскі ватыканіст адзначае, што мы маем справу ў Кітаі з адным Касцёлам, што многія біскупы прызнаныя ўладай падвяргаліся пераследам з боку камуністычнага рэжыму. Ён цытуе словы Бэнэдыкта XVI на гэтую тэму ў нядаўнім інтэрв'ю з Пэтэрам Сівалдам: Святы Айцец заявіў, што калі хтосці з біскупаў атрымаўшых пасвячэнне нелегальна прызнае прымат Пятра, з яго адразу ж здымаецца экскамуніка. На думку Тарнеллі, сярод кітайскіх католікаў умацавалася ўпэўненасць, што фундаментальным элементам веры з'яўляецца адзінства з Папам. Таму іерархі ведаюць, што калі яны не будуць знаходзіцца ў адзінстве са Святым Айцом – вернікі будуць іх ігнараваць.

Эксперт па Ватыкане перакананы, што добрым знакам з’яўляецца пераход на пенсію шматгадовага віцэ-прэзідэнта Патрыятычнай асацыяцыі Энтоні Лю Байньяна, дзейнасць якога Апостальская Сталіца ў паведамленні ад 24 лістапада назвала сур'ёзным прынясеннем шкоды Каталіцкаму Касцёлу і перашкодай на шляху дыялогу з уладамі ў Пекіне.

Як станоўчы знак, Тарнеллі таксама прызнае поспех семінарыстаў у правінцыі Хэбэй, якім удалося прымусіць улады адмовіцца ад рашэння прызначыць свецкага партыйнага дзеяча віцэ-рэктарам семінарыі.

"Такім чынам, адбываецца важная падтрымка Кітайскага Касцёла і лініі Апостальскай Сталіцы, рашучай у сваіх прынцыпах, а таксама адкрытай для дыялогу з уладамі ў Пекіне, спрабуючы забяспечыць, каб сакра кс. Го Джынсэйя была адзінкавым эпізодам, і пазбегнуць таго, чаго многія асцерагаюцца, каб не было звароту да нелегальных біскупскіх пасвячэнняў"- Анзначае італьянскі ватыканіст Андрэа Тарнеллі.







All the contents on this site are copyrighted ©.