2010-12-12 12:16:00

Бэнэдыкт XVI аб пакліканні парафіяльнага Касцёла


RealAudioMP3 На важнасць парафіяльнай супольнасці для справы новай евангелізацыі звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI падчас сённяшняга пастырскага візіту ў рымскую парафію святога Максіміліяна Кольбэ. Гэта дзесятая рымская парафія, якую наведаў Пантыфік.

Звяртаючыся да вернікаў Бэнэдыкт XVI падзякаваў адмысловым чынам за дар штотыднёвай эўхарыстычнай адарацыі ў яго інтэнцыі. Ён падкрэсліў важнасць прысутнасці ў гэтай парафіі розных груп і супольнасцяў, у тым ліку Нэокатэхуменальнага Шляху, якому гэты храм абавязаная сваім інтэр’ерам. Святы Айцец заклікаў сем'і да сужэнскай вернасці, якая патрабуе мужнасці, высакароднасці і самаадданасці. Ён адзначыў, што ў Рым прыбываюць сем’і з іншых рэгіёнаў Італіі, а ў апошні час, таксама з-за межаў краіны. "Імкніцеся заставацца ў супольнасці з усімі" – сказаў Папа, паказваючы на неабходнасць адкрытасці на іншых, пачынаючы ад бліжэйшых суседзяў.

Гаворачы аб дзейнасці парафіі, Святы Айцец падкрэсліў, што кожны павінен знайсці ў ёй магчымасць фарміравання ў веры і жыццё ў супольнасці. Яна павінна дапамагчы адкрыць прыгажосць наследавання Хрыста і ролі Касцёла, шляхам паглыблення нядзельнай Эўхарыстыі і спраў хрысціянскай дабрачыннасці. Гэта праца мае характар евангелізацыйны, таму што місія Касцёла заключаецца ў нясенні Евангельскага паслання ўсім.

Спасылаючыся на літургічныя чытанні трэцяй нядзелі Адвэнту, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў важнасць сталасці і вытрымкі ў чаканні Пана. Ён спаслаўся на ілжывыя прароцтвы і ідэалогіі, якія абяцаюць радыкальныя змены. Папа адзначыў, што на самой справе яны прывялі да глыбокага знішчэння чалавека і даручанага яму свету. "Трэба нанава паглядзець на Хрыста, які не змяняў свет з дапамогай сілы, але аддаў Сябе за жыццё свету", - сказаў Святы Айцец. У гэтым кантэксце, Бэнэдыкт XVI узгадаў постаць апекуна парафіі святога Максіміліяна Кольбэ, які аддаў сваё жыццё за бацьку сям'і, святога Дам’яна дэ Вэстэр, які прысвяціў сябе пракажоным і памёр сярод іх, а таксама благаслаўлёную Маці Тэрэсу з Калькуты, апостала любові сярод найбяднейшых. "Не гвалт, але дзейснае святло ісціны і ласкі Божай змяняе свет да лепшага", - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў вернікаў, каб яны станавіліся святлом для іншых, падкрэсліваючы, што гэта місія і пакліканне парафіяльнага Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.