2010-12-11 17:08:14

Бэтлеемскі агонь зноў прыбудзе ў Беларусь


Беларускім скаўтам яго перададуць 17 снежня 2010 году на польска-беларускай мяжы каля Гродна польскія скаўты.

Сустрэча агню ў Мінску адбудзецца 18 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. На пачатку св. Імшы ў 12 гадзін раніцы нашы скаўткі і скаўты разам з аднагодкамі з цэлай Еўропы ўрачыста ўнясуць Бэтлеемскі агонь у архікатэдру. Адтуль ён адразу будзе перададзены ў касцёл святых Сымона і Алены.

Потым Бэтлеемскі агонь будзе перададзены ў іншыя парафіі Мінска, Барысава, Івянца, Гомеля, Паставаў, Глыбокага і Лынтупаў.
У гэтым годзе Бэтлеемскі агонь ужо ў адзінаццаты раз будзе прывезены ў Беларусь.

Некалькі разоў маршрут яго носьбітаў пралягаў з аўстрыйскага Лінцу, дзе ў 1986 годзе адразілі цудоўную перадкалядную традыцыю, праз Рым, дзе атрымлівалі благаслаўленне ў базіліцы святога Пятра ў прысутнасці шматлікіх беларускіх дзетак і падлеткаў, якія каля 2 дзесяцігоддзяў на калядныя канікулы прыбываюць у каталіцкія італьянскія сем'і з Чарнобыльскай зоны.








All the contents on this site are copyrighted ©.