2010-12-09 15:17:43

Місія Апостальскай Сталіцы пры ААН прадставіць кнігу “Гітлер, вайна і Папа”


RealAudioMP3 У гэтую суботу, 11 снежня будзе прадстаўлена перавыданне кнігі прафесара Рональда Рыхлака, што выйшла ў 2000 годзе. Прэзентацыя адбудзецца ў Нью-Ёрку.

У кнізе “Гітлер, вайна і Папа” апісана дзейнасць сеткі дэзінфармацыі КДБ і план, названы «Seat 12», які быў нацэлены на ачарненне Папы Пія XII і на стварэнне процьмы паміж каталіцкім і яўрэйскім светам. Аўтары сцвярджалі, што план быў распрацаваны па замове Мікіты Хрушчова.

Найноўшыя гістарычныя даследаванні пацвярджаюць пазіцыю Бэнэдыкта XVI, адлюстраваную ў яго апошняй кнізе-інтэрв'ю, адносна Пія XII і яго дапамогі церпячым пераслед людзям, у тым ліку яўрэям.

Размаўляючы з журналістам Пэтэрам Сівалдам, Святы Айцец распавёў, што ён даручыў правесці ў рамках працэсу беатыфікацыі Папы Эўджэніё Пачэлі адмысловае расследаванне. Папа патлумачыў, што неабходна пераадолець ідэалагічныя інтэрпрэтацыі дзейнасці Пія XII падчас Другой сусветнай вайны: «Важна тое, што ён зрабіў і спрабаваў зрабіць, - сцвярджае Бэнэдыкт XVI - думаю, неабходна прызнаць, што ён быў адным з вялікіх праведнікаў і што выратаваў шматлікіх яўрэяў.

Сёлета 10 кастрычніка Папа прыняў на аўдыенцыі заснавальніка фонду «Pave the Way» Гэры Крупа, яўрэя, які паднёс перавыдадзеную кнігу і вынікі новых даследаванняў, якія пацвярджаюць словы Бэнэдыкта XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.