2010-12-08 16:38:59

Святы Айцец на Іспанскай плошчы: важна не тое, што мы кажам Марыі, але тое, што Яна кажа нам


RealAudioMP3 Сёння, ва ўрачыстасць Беззаганага Зачацця Панны Марыі, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI здзейсніў трыдыцыйны візіт да скульптуры Найсвяцейшай Панны Марыі, якая знаходзіцца на Іспанскай плошчы ў Рыме. Яна была створана праз тры гады пасля абвяшчэння дагмата аб Беззаганым Зачацці – у 1857 годзе. З таго часу пілігрымка да фігуры Багародзіцы стала адной з галоўных праяваў народнай пабожнасці рымскіх вернікаў. Падчас абраду, група пажарнікаў узнесла на вяршыню калоны, на якой усталявана скульптура, свежыя кветкі – дар Пантыфіка. Потым на плошчу увайшлі групы вернікаў з рымскіх парафій, школ, касцёльных асацыяцый і гарадскіх прадпрыемстваў. У гэтым годзе упершыню абрад упрыгожваў спевам хор Сіксцінскай капэллы.

Папа Бэнэдыкт XVI прамовіў падзякаваў Найсвяцейшай Пане Марыі за дар веры і за ўсе даброты, якія мы атрымліваем штодня ад Бога. “Але ў гэты дзень, - адзначыў Пантыфік, - важна не тое, што мы кажам Марыі, але тое, што Яна кажа нам. Я таксама, як Біскуп Рыму, слухаю, што скажа Марыя. Не толькі да мяне, але да ўсіх. Марыя заклікае нас адкрыцца на дзейнасць Святога Духа, каб мы маглі дасягнуць сваю галоўную мэту ў жыцці, быць беззаганнымі і цалкам свабоднымі ад зла.

Гэтае пасланне, скіравана ўсім, нават тым, хто аб гэтым не думае, нават тым, хто забыўся аб тым, што сёння Свята Беззаганай, тым, хто адчувае сябе самотным і пакінутым. Позірк Марыі і Бога сягае да кожнага чалавека. Яна глядзіць на нас з той жа любоўю як і Айцец, а таксама благаслаўляе нас. Марыя з’яўляецца нашай заступніцай. Нават калі ўсе аб нас гавораць кепска, яна, Маці, кажа аб нас добра, таму што яе беззаганае сэрца паяднана з міласэрнасцю Бога. Так яна бачыць горад: не як агламерат незнаёмых людзей, але як сузор’е людзей, у якім Бог ведае ўсіх па імені і заклікае выпраменьваць ягонае святло. І тыя, хто ў вачах свету з’яўляюцца першымі, для Бога апошнія, тыя хто меншы, для Бога вялікія. Марыя глядзіць на нас, як Бог глядзеў на яе, сціплую дзяўчыну з Назарэта, якая нічога не значыла ў вачах свету, але была абранай і каштоўнай для Бога. У кожным з нас яна бачыць падабенства са сваім сынам Езусам Хрыстом, нават калі мы з’яўляемся такімі рознымі!”, сказаў Святы Айцец на заканчэнне сваё прамовы на Іспанскай плошчы Рыма.







All the contents on this site are copyrighted ©.