2010-12-06 17:46:46

У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці. Рубрыка кс.Андрэя Рылкі. Аб даверу


Паважаныя слухачы, мы працягваем разважанні аб ідэнтычнасці сучаснага хрысціяніна-католіка.

Прысутнае ў сённяшнім свеце сплычэнне агульнай культуры, пад уплывам спакусы матэрыяльнага дабрабыту, стварае ілюзію дастатковасці зямнога шчасця. А нарастаючы духоўны голад чалавек спяшаецца кампенсаваць эмоцыямі, шукаючы ўсё больш вострых пачуццяў. Аднак усведамленне унутранай ненасычальнасці, нетрываласці і падманлівасці эмацыянальнага, фарміруе ў многіх людзей недавер і насцярожанасць да ўсяго, з чым яны сустракаюцца ў жыцці. Гэты недавер тармазіць развіццё здаровай рэлігійнасці, умова якой – давер да Бога. Няздольнасць да даверу, нараджае скептычныя адносіны да такіх ключовых хрысціянскіх паняццяў як Вечнасць, праўда, любоў. Параненая падманлівасцю зямнога шчасця, неакрэплая самасвядомасць можа паддацца спакусе пагарды да гэтага свету. Прыкладам гэтаму можа быць захапленне псеўдамістыцызмам, рознымі формамі таямнічасці, харызматычнасці, нават калі яны зыходзяць з несумяшчальных з хрысціянствам крыніцаў. Такая асоба будзе шукаць любыя праяўленні звышнатуральнага, толькі б заспакоіць свае рэлігійна-псіхалагічныя патрэбы. Рэлігійнасць такіх людзей будзе заўсёды бунтавацца супраць усяго зямнога, натуральнага, звязанага з іншым чалавекам і з гэтым светам. Іх параненая і расчараваная часовым жыццём псіхіка будзе шукаць у рэлігіі не Жывога Бога, але аазіс свабоды ад ненавіснай рэальнасці, у якой не можа знайсці сваё месца.

Адкідваючы такі падыход да веры, некаторыя хрысціяне спяшаюцца пабудаваць сваю ідэнтычнасць на адмаўленні містыцызму, зводзячы сваю веру толькі да знешняй рэлігійнасці. У крайняй форме адзіным і найважнейшым выразам такой веры становіцца абрад, дакладнае выкананне рытуалаў. Вера, зрэдукаваная толькі да знешняга, не церпіць змен, не жадае дастасоўваць завучаныя формы да новых і паглыбленых зместаў. Такая рэлігійнасць, не жадаючая сэнсавага паглыблення, будзе імкнуцца кампенсаваць зместавую якасць – колькасцю форм. Сваю веру такі чалавек будзе імкнуцца мерыць не глыбінёй малітоўнага ядання з Богам, але колькасцю выкананых малітоўных формул.

Пры ўсіх вышэйпералічаных спакусах сучаснага свету вельмі няпроста сфарміраваць здаровую каталіцкую ідэнтычнасць. Аднак Касцёл, кіруемы Божай Прадбачнасцю, багаты вопытам дактрынальнага разумення і практычнага заставання Евангельскіх ісцін, прапаноўвае сучаснаму католіку вельмі непапулярны ў сённяшнім свеце шлях - даверыцца аўтарытэту: аўтарытэту Касцёла, заснаванаму на аўтарытэце Бога. Перад абліччам зменлівасці ўсяго, з чым сустракаецца чалавек у сваім штодзённым жыцці, узнікае натуральная спакуса глядзець нават на Божае вачамі зменлівасці і адкідвання аўтарытэту. Калі ў жыцці так шмат адноснага, то, здаецца, і вера адносная, і праўда адносная, усё адноснае. Па-чалавечы, вельмі лёгка дапусціць драматычную памылку: паняцце “часта” атаясаміць з паняццем “заўсёды”. “Калі часта бачу зменлівасць і падманлівасць, значыць усё на маім шляху будзе зменлівым і падманлівым”. Няздольнасць да размежавання таго, што Божае і чалавечае, вечнае і часовае, нязменнае і зменлівае, прыводзіць да драматычных наступстваў у веры і ў жыцці хрысціяніна. Як жа нялёгка сучасніку, прывыкламу да апраўдання ўсяго суб’ектыўнасцю і адноснасцю, прывыкламу да хуткіх эфектаў, рашыцца на нялёгкі шлях фарміравання сваёй праўдзівай ідэнтычнасці адрозніваючы суб’ектыўныя меркаванні ад веравучэння Касцёла. І пачаць здзяйсняць гэта не дзеля псіхалагічнага самасцвярджэння, паспяховасці ў кар’еры ці працы, але як неабходнасць на шляху да Божага Валадарства. І тут не трэба прабіваць новыя шляхі. Дастаткова ўмела чэрпаць з багатай скарбніцы Касцёла, каб упэўнена ісці шляхам Збаўлення і Сустрэчы з Жывым Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.