2010-12-03 13:43:55

Біскуп Уладзіслаў Блін: для рэалізацыі дабра варта выкарыстоўваць і палітычную сітуацыю


RealAudioMP3 Быць біскупам у Беларусі — гэта значыць быць апосталам на зямлі, дзе амаль 70 год знішчалася аблічча Касцёла: яго святыні і чалавек, — адзначыў у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву КАІ біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. Калі прыйшло адраджэнне Касцёла, людзі самі рамантавалі храмы, а ў душпастырстве дапамагалі святары з Польшчы.

Як падкрэсліў іерарх, Беларусь і сёння мае цяжкасці з пакліканнямі з прычыны секулярызацыі грамадства. Беларусь, беручы прыклад з Еўропы, захлынаецца геданізмам, а маладыя людзі не хочуць ахвяраваць прыемнасцямі дзеля асаблівага служэння Хрысту.

Заданнем жа святара, па словах біскупа, з’яўляецца не толькі душпастырская праца ў парафіі, але і па-за яе межамі. Акрамя гэтага, заданнем з’яўляецца і выкарыстанне для рэалізацыі дабра ўсялякіх магчымасцяў, сярод якіх таксама палітычная сітуацыя. «Калі мы так робім, то ўзбуджаем давер і павагу з боку ўсіх: улады, веруючых і няверуючых. Калі ёсць праблемы, то трэба іх вырашаць супольна з уладамі», — дадаў іерарх.

Біскуп Уладзіслаў Блін звярнуў увагу і на добрыя адносіны з Праваслаўнай Царквой, якая з’яўляецца найбольшай супольнасцю ў Беларусі. Па словах іерарха, з братамі праваслаўнымі ніколі не вядзецца беззмястоўны і безвыніковы дыялог. Прыкладам гэтага, між іншым, з’яўляецца дзейнасць рэлігійнай дабрачыннай місіі «Карытас», якая дапамагае кожнаму, незалежна ад веравызнання.







All the contents on this site are copyrighted ©.