2010-12-01 14:41:26

Бэнэдыкт XVI пра св. Юліяну: “Усё будзе добра”, “усё будзе для дабра”


RealAudioMP3 На значэнне кляштараў і даверу Богу нашых прагненняў звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сёння падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Катэхезу Папа прысвяціў англійскай пустэльніцы, адной з буйнейшых прадстаўніц хрысціянскага містыцызму св. Юліяне з Норыджа.

"Дарагія браты і сёстры,

Яшчэ сёння з вялікай радасцю я ўзгадваю маё апостальскае падарожжа ў Вялікабрытанію, якое адбылося ў верасні гэтага года. Англія, гэта зямля, якая сталася радзімай для многіх вытатных асобаў, якія сваім сведчаннем і навучаннем упрыгожваюць гісторыю Касцёла. Адна з іх, вельмі шануецца і Каталіцкім Касцёлам і Англіканскай Царквой, гэта містычка Юліяна з Норвіч, аб якой я хацеў бы вам расказаць сёння.

Мы не ведаем шмат аб яе жыцці. Большасць з таго, што нам вядома, паходзіць з кнігі, у якой гэтая разумная і сціплая жанчына сабрала ўсе свае аб’яўленні. Гэтая кніга называецца “Аб’яўленні Боскай любові”. Вядома, што Юліяна жыла прыкладна паміж 1342 і 1430 гадамі. Гэты перыяд быў вельмі неспакойным для Касцёла, што звязана са схізмай, якая была абвешчана пасля вяртання Папы з Авін’ёну ў Рым, а таксама і для ўсяго народу, які быў сведкам вялікай вайны паміж Англіяй і Францыяй. Аднак Бог, нават у нешчаслівыя часы, пасылае такіх асобаў, як Юліяна з Норвіч, каб заклікаць да міру, любові і радасці.

Як распавядае сама Юліяна, у маі 1373 года яе напаткала вельмі цяжкая хвароба і здавалася, што праз некалькі дзён яна павінна была памерці. Святар, які быў яе душпастрырам, паказаў ёй Укрыжаванне, пасля чаго Юліяна мела шаснаццаць аб’яўленняў, якія яна потым апісала ў сваёй кнізе “Аб’яўленні Боскай любові”. Праз пятнаццаць год пасля гэтага Пан зноў аб’явіўся ёй, каб патлумачыць значэнне гэтых аб’яўленняў. “Ты хацела б ведаць, што твой Пан адкрыў табе праз гэтыя аб’яўленні? Ведай: тое, што ён табе адкрыў – гэта любоў. Хто табе яе паказаў? Любоў. Чаму табе яе паказаў? З любові... Так ты зразумееш, што наш Пан гэта любоў”.


Натхнённая Боскай любоўю, Юліяна вырашыла радыкальна змяніць сваё жыццё. Яна пасялілася ў адной келлі, вельмі блізка да Касцёла, які меў тытул св. Юліяна, у цэнтры гораду Норвіч, у той час важнага горада, каля Лондана. Мяркуецца, што сваё імя Юліяна ўзяла менавіта ад тытула Касцёла, побач з якім яна пражыла шмат гадоў, аж да самой смерці.

Жыццю ў адзіноце ў гэты час прысвячалі сябе многія жанчыны, для іх нават былі распрацаваныя пэўныя рэгулы, як напрыклад рэгулы св. Эльрэда з Рыво.
Жанчыны прысвячалі сябе малітве, разважанням і вучобе. Шматлікія мужчыны і жанчыны вельмі часта звярталіся да такіх людзей за парадамі, суцяшэннямі і тлумачэннямі сваіх праблем. Такім чынам выбар Юліяны не быў натхнёны індывідуалістычным жаданнем, але будучы блізка да Пана, яна выхоўвала ў сябе здольнасць быць саветніцай для многіх, дапаможніцай да тых, хто жыў у цяжкасцях. Калі Юліяна памерла, на надмагільным каменні, было напісана “Маці Юліяна”. Яна сапраўды стала маці для многіх.

Жанчыны і мужчыны, якія вырашаюць жыць у супольнасці з Богам, менавіта дзякуючы гэтаму выбару маюць глыбейшы сэнс спачування да слабасцяў людзей. Сябры і сяброўкі Пана, маюць лепшае разуменне гэтага свету, ад якога яны аддаляюцца, і распавядаюць аб ім тым, хто стукаецца ў іх дзверы. Я думаю, аб шматлікіх кляўзуровых кляштарах, якія сёння становяцца месцам супакою і надзеі, каштоўным дарам для ўсяго Касцёла, перш за ўсё ў справе абвяшчэння прымату Бога і важнасці глыбокай і пастаяннай малітвы на шляху веры.

З кніг св. Юліяны з Норвіч да нас ідзе вельмі аптымістычнае пасланне, якое грунтуецца на ўпэўненасці ў тым, што Бог нас любіць і абараняе сваім Провідам. Чытаем гэтыя цудоўная словы: “Бог яшчэ перад тым, як нас стварыць, палюбіў нас такой любоўю, якая ніколі не згасне. І ў гэтай любові ён стварыў ўсё, у гэтай любові ён зрабіў так, што кожная рэч з’яўляецца карыснай для нас, у гэтай любові наша жыццё будзе працягвацца вечна... У гэтай любові мы маем нашу мэту, і ўсё гэта мы бачым у Богу без межаў”.

Божая любоў заўсёды вяртаецца ў аб’яўленнях Юліяны з Норвіч, і яе не магчыма не параўнаць з матчынай любоўю. Менавіта гэта адно з галоўных пасланняў містычнай тэалогіі Юліяны. Клопат і дабрыня Бога такія вялікія да нас, пілігрымаў на зямлі, што нагадваюць любоў маці да сваіх дзяцей. Любоў Бога перавышае чалавечую любоў. Як кажа прарок Ісая: “Ці забудзе жанчына дзіця сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Нават калі яна забудзе, Я не забуду цябе” (Іс 49, 15). Юліяна з Норвіч зразумела пасланне для сваёго духоўнага жыцця: Бог і любоў, і толькі калі адкрыешся на гэтую любоў, і дазволіш ёй весці цябе, усё пераменіцца, знойдзеш супакой і сапраўдную радасць і будзеш здольны ўкараніць іх ў сабе”.

Я б хацеў падкрэсліць яшчэ адзін пункт. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла цытуе словы св. Юліяны з Норвіч, калі кажа аб адносінах каталіцкай веры да пытання, якое часта правакуе вернікаў. Калі Бог найвышэйшае дабро і мудрасць, чаму існуюць зло і цярпенні нявінных? Нават святыя задаваліся гэтым пытаннем. Асветленыя святлом веры, яны даюць адказ, які адкрывае нашы сэрцы на давер і надзею: у таямнічых планах Провіду, нават зло Бог перамяняе на дабро, як піша св. Юліяна з Норвіч: “Зразумей і цвёрда вер ў тое, што з дапамогай Божай ласкі, ўсё скончыцца добра...”.

Так, дарагія браты і сёстры, абяцанні Бога, заўсёды большыя за нашыя чаканні. Калі даверым Богу, яго вялікай любові, самыя чыстыя і глыбокія жаданні нашага сэрца, ніколі не будзем расчараваныя. “Усё будзе добра”, “ усё будзе для дабра”: гэта апошняе пасланне, якое Юліяна з Норвіч нам перадала і якое сёння я прапаноўваю вам."







All the contents on this site are copyrighted ©.