2010-12-01 15:31:55

Барталамей І прыняў ватыканскую дэлегацыю


RealAudioMP3 «Цэрквы Рыма і Канстанцінопаля маюць абавязак новага заключэння сувязяў камуніі, каб паказаць, што яны годныя спадчыны, якую пакінулі апосталы Пётр і Андрэй», — адзначыў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Ватыкана Патрыярх Барталамей І. Кіраўнік Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквы прыняў 30 лістапада 2010 г. дэлегацыю Апостальскай Сталіцы, якая прымала ўдзел ва ўрачыстасці св. апостала Андрэя.

Патрыярх Барталамей нагадаў аб 50-гадовай дзейнасці Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, якой з ліпеня гг. кіруе кардынал Курт Кох. Іерарх падкрэсліў таксама значэнне тэалагічнага дыялога паміж дзвюма Цэрквамі, бо «еднасць у любові патрабуе адначасова еднасці ў веры і праўдзе». Патрыярх запэўніў, што ўсе аўтакефальныя Праваслаўныя Цэрквы згодныя з тым, што для падтрымкі гэтага дыялога важна «ў духу любові пераасэнсаваць тэалагічныя пытанні, як тыя, што злучаюць нас, так і тыя, якія падзяляюць, каб усе мы прыйшлі да еднасці ў веры».

Узгадваючы аб пасяджэнні Міжнароднай змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якое праходзіла ў Вене (Аўстрыя) 20–27 верасня гг., Патрыярх Барталамей адзначыў, што яно ўказала на існуючыя цяжкасці і разам з тым на гатоўнасць усіх членаў камісіі пераадолець іх з любоўю і ў вернасці дактрыне і жыццю Касцёла. На прыкладзе свв. апосталаў праваслаўны іерарх заахвоціў Цэрквы Рыма і Канстанцінопаля шукаць «сувязі камуніі».

«Таксама і сёння, перад абліччам вялікіх перашкодаў, свет шукае адкуплення і збаўлення. Тыя, хто абвяшчае Хрыста і падзелены паміж сабой, не могуць пераканаць свет… Верныя праўдзіваму пасланню Апосталаў, мы пакліканы, каб перадаць гэтае пасланне, прамаўляючы да сучаснага свету адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам», — падкрэсліў Патрыярх.

catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.