2010-11-30 14:02:01

Бэнэдыкт XVI звярнуўся да Барталамея І


RealAudioMP3 Кардынал Курт Кох, Старшыня Папскай рады па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству ўпершыню ўзначальвае дэлегацыю Святога Пасаду на ўрачыстасці святога апостала Андрэя, апекуна Канстанцінопальскага Патрыярхату, у Стамбуле. Сёння ватыканская дэлегацыя прыняла ўдзел ва ўрачыстай літургіі, якую ўзначаліў патрыярх Барталамей I у горадзе Фанар і сустрэлася з самім кіраўніком Канстанцінопальскага Патрыярхату і сінадальнай камісіяй, якая адказвае за адносіны з Каталіцкім Касцёлам. Кардынал Кох прачытаў урачыстае пасланне Святога Айца да Патрыярха і сабраных на ўрачыстасці.

Папа падзякаваў Богу за цуды, якія Ён зрабіў у сваёй бясконцай міласэрнасці праз жыццё і пакутніцкую смерць святога Андрэя.

У наш час, - напісаў у сваім лісце Бэнэдыкт XVI - заклік быць вернымі пасланню Хрыста як ніколі востра стаіць перад усімі хрысціянамі. У свеце, які характарызуецца ростам ўзаемазалежнасці і салідарнасці, мы пакліканы абвяшчаць з новай сілай праўду Евангелля і прапаведаваць Уваскрослага Пана, каб адказаць сёння на самыя глыбокія пытанні і духоўныя памкненні мужчын і жанчын.

На думку Папы, каб асягнуць поспех у гэтай вялікай задачы, мы павінны працягваць дамагацца прагрэсу на шляху да поўнага адзінства, паказваючы, што мы ўжо адзіныя ў нашым сведчанні аб Евангеллі перад сучаснымі людзьмі.

Святы Айцец падзякаваў Барталамею І за яго мудрую працу на карысць Праваслаўя і распаўсюджвання хрысціянскіх каштоўнасцяў у шматлікіх міжнародных кантэкстах.







All the contents on this site are copyrighted ©.