2010-11-28 11:07:35

Бэнэдыкт XVI: эмбрыён, гэта не спалучэнне біялагічнага матэрыялу, а новае жывое існаванне


RealAudioMP3 Уцелаўленне Пана адкрывае нам з поўнай сілай і дзіўным чынам, што кожная чалавечае жыццё мае найвышэйшае і ні з чым іншым непараўнальнае значэнне. Аб гэтым нагадаў папа Бэнэдыкт XVI у сваёй гаміліі падчас нешпараў Першай нядзелі Адвэнту, якія ён правёў 27 лістапада ў Базыліцы св. Пятра ў Ватыкане.

У гэтым годзе ім папярэднічала чуванне ў інтэнцыі зачатага жыцця, якое таксама па ініцыятыве Папскай рады па справах сям'і трывае ў гэтыя дні ва ўсім Каталіцкім Касцёле. Затым адбылася эўхарыстычная адарацыя, якая скончылася адмысловым благаслаўленнем.

Падчас малітвы чыталася пяць урыўкаў з навучання Каталіцкага Касцёла на тэму жыцця і чалавечай годнасці, спяваліся песні, прызначаныя на час Адвэнту, былі моманты цішыні і малітвы. Падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, Святы Айцец прамовіў адмысловую малітву, складзеную ім самім, у якой ён прасіў Бога аб клопаце і абароне кожнага зачатага жыцця, абуджэнні ў людзях павагі да жыцця і кожнага чалавека.

Таксама Папа маліўся за святасць сям'і, трываласць і пладавітасць сужэнскай любові, святле Духа Божага для навукоўцаў і медыкаў, а таксама для заканадаўцаў, каб іх дзейнасць спрыяла цэласнаму дабрабыту людзей, дзякуючы якому ні адна асоба не дасведчыла б прыгнёту і несправядлівасці. Таксама з вуснаў Святога Айца прагучала малітва аб суцяшэнні для тых сужэнцаў, якія не могуць мець дзяцей, каб дзеці-сіроты і пакінутыя маглі адчуць цяпло Божай любові і суцяшэння, якія зыходзяць ад сэрца Бога. У канцы малітвы Папа папрасіў заступніцтва Маці Божай - "Вялікай Верніцы" ва ўлонні якой, Бог прыняў чалавечую нутуру.

У гаміліі, прамоўленай пазней, Бэнэдыкт XVI нагадаў і падкрэсліў важнасць Адвэнту, як пачатку наступнага літургічнага года, а таксама чалавечай годнасці на кожным этапе існавання. Гэты час пачатку, калі Бог прыходзіць да нас, прыносіць асаблівую ласку, бо Пан благаславіў яго. Папа падкрэсліў, што на працягу гэтага перыяду, "мы будзем адчуваць, як Касцёл вядзе нас за руку і, па прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі, выказвае сваё мацярынства, што дазваляе нам адчуваць радаснае чаканне прышэсьця Пана, ахінаючы ўсіх нас Сваёй любоўю, якая збаўляе і суцяшае".

У гэты час літургія Касцёла накіроўвае наш позірк на канчатковую мэту, якой з'яўляецца сустрэча з Панам, які прыходзіць у сваёй хвале. Таму мы, якія ў кожнай Эўхарыстыі "абвяшчаем Яго смерць, вызнаём Яго ўваскрасенне і чакаем Яго прышэсця ў хвале", трываем на малітве – нагадаў Святы Айцец. Ён дадаў, што літургія нястомна нас запрашае і падтрымлівае, укладаючы ў нашы вусны заклік Адвэнту, якім заканчваецца ўся Біблія: "Прыйдзі, Пане Езу" (Ап. 22,20).

Спасылаючыся на трываючае малітоўнае чуванне ў інтэнцыі ненароджанага жыцця, Папа выказаў падзяку ўсім тым, хто прыняў гэтае запрашэнне, і тым, хто адмыслова працуе для прыняцця і абароны чалавечага жыцця на ўсіх яго этапах, асабліва на самым яго пачатку, калі яно ставіць першыя крокі.

"Менавіта пачатак літургічнага года дазваляе нам нанава перажыць чаканне Бога, Які стаў целам ва ўлонні Дзевы Марыі, Бога, які становіцца малым, становіцца дзіцяці; кажа нам аб надыходзе блізкага Бога, які пажадаў, прыняць нанава чалавечае жыццё, з самага пачатку, і ўсё гэта для таго, каб выратаваць нас цалкам, у поўні", - сказаў Папа. Ён адзначыў, што на гэтым шляху таямніца Уцелаўлення Пана і пачатак чалавечага жыцця глыбока і гарманічна звязаны ў рамках аднаго збаўчага плану Бога, Пана жыцця ўсіх і кожнага.

Ён нагадаў нязменнае навучанне Касцёла аб святасці і непарушальнасці чалавечага жыцця, у тым ліку зачатага ва ўлонні маці. Ён асудзіў вопыты на эмбрыёнах, якія не з'яўляюцца "спалучэннем біялагічнага матэрыялу, але новым жывым існаваннем, дынамічным і цудоўна ўпарадкаваным, новай адзінкай чалавечага роду".

Папа таксама адзначыў, што ў наш час, на жаль, жыццё ўжо народжаных дзяцей па-ранейшаму знаходзіцца пад рызыкай адмовы, голаду, хвароб, жорсткага абыходжання, эксплуатацыі і гвалту. "Шматлікія выпадкі парушэнняў правоў чалавека, якія адбываюцца ў свеце, вельмі балюча раняць сумленне кожнага чалавека добрай волі", - сказаў Святы Айцец. Ён паўтарыў заклік папы Яна Паўла II з яго энцыкліцы "Evangelium Vitae" аб абявязку паважаць, абараняць і любіць жыццё і служыць яму, таму што толькі на гэтым шляху можна знайсці справядлівасць, развіццё, сапраўдную свабоду, мір і шчасце. "Ave, verum Corpus, natum de Maria Virgine!" (Вітай, сапраўднае Цела, народжанае ад Дзевы Марыі) - скончыў сваю гамілію Святы Айцец падчас чування і нешпараў у абарону чалавечага жыцця ў Ватыкане.







All the contents on this site are copyrighted ©.