2010-11-26 17:16:13

"У пошуках хрысціянскай ідэнтычнасці". Рубрыка кс. Андрэя Рылкі. Уводзіны.


Паважаныя слухачы, мы пачынаем серыю праграм аб ідэнтычнасці сучаснага хрысціяніна-католіка.

Назіраючы за імклівасцю і зменлівасцю сучаснага свету, здаецца, людзі самых розных катэгорый не перастаюць спрачацца аб далейшых лёсах рэлігіі і хрысціянства. Некаторыя спяшаюцца павесіць на рэлігію клішэ ўчарашняга дня, рэлікта мінуўшчыны і маргінала ў сучасным свеце. У той жа час усё больш мысліцелей асмельваюцца прагназаваць, што 21-ае стагоддзе можа стаць векам небывалага адраджэння рэлігійнасці. Ужо цяпер, на пачатку стагоддзя, можна заўважыць, як секулярны свет стаіць перад шматлікімі дылемамі, натыкаючыся на моцную рэлігійную свядомасць разнастайных людзей і супольнасцей. Дастаткова ўзгадаць нарастаючыя абвастрэнні паміж ліберальнай этыкай і рэлігійнай мараллю, асабліва ў справах сям’і, кантрацэпцыі, эўтаназіі. Нядаўнія нашумелыя падзеі, звязаныя з дапушчальнасцю рэлігійнай сімволікі ў публічным жыцці і праблемай інтэрпрэтацыі права чалавека на свабоду веравызнання. Або заклапочанасць заходнееўрапейскіх краін перад правам ісламскай меншасці на вызнаванне сваёй веры, і адначасовая праблема ўсходнееўрапейскіх краін, як адрэгуляваць прысутнасць Цэркваў у публічным жыцці і адукацыі.

На фоне гэтых выклікаў сучаснасці здаецца прарочым сёлетняе рашэнне Бенедыкта 16-га аб утварэнні Папскай рады па ажыццяўленні новай евангелізацыі. Устанаўляючы гэтую Раду, у адмысловым Апостальскім пасланні “UBICUMQUE ET SEMPER” (“Заўсёды і ўсюды”) Святы Айцец між іншым піша: “Евангельскае служэнне Касцёла павінна няспынна шукаць адэкватныя сродкі і мову для таго, каб прапанаваць свету, упершыню ці нанава, Аб’яўленне Пана і веру ў Езуса Хрыста… Заданне, якое, хаця па сваім спосабе рэалізацыі накіраванае непасрэдна на знешняе, абумоўліваецца, аднак, няспынным аднаўленнем унутры сябе, пастаянным пераходам, так бы мовіць, ад стану евангелізаванай да стану евангелізуючай”.

Ідучы за думкаю Папы, можам сказаць, што складанасць грамадскіх працэсаў у сучасным свеце ставіць сённяшняга верніка перад двума сурёзнымі выклікамі: па-першае, акрэсліць сваю самасвядомасць, ідэнтычнасць як хрысціяніна і як католіка ў мультыкультуральным, глабальным свеце, а па-другое – знайсці найбольш аптымальны спосаб дыялогу з гэтым светам так, каб не згубіць саёй ідэнтычнасці і на зразумелай мове сведчыць аб Хрысце і Яго Добрай Навіне Збаўлення.

Ні для каго ні сакрэт, што найважнейшы сродак камунікацыі паміж людзьмі – гэта мова ў самым шырокім яе разуменні. Сучасную эпоху вучоныя акрэсліваюць як век інфармацыйнага грамадства. Працэс абмену самай разнастайнай інфармацыяй набывае ўсё больш імклівыя тэмпы. У такой сітуацыі хрысціянін з несфарміраванай самасвядомасцю становіцца бездапаможным перад патокамі самай разнастайнай інфармацыі, якая можа або дапамагаць або перашкаджаць фарміраванню ідэнтычнасці асобы. Усведамленне ўсіх шанцаў і пагроз прыводзіць да паўстання разнастайных пазіцый – ад радыкальна ліберальных да крайне кансерватыўных у самавызначэнні хрысціяніна, а таксама ў падборы спосабаў дыялогу з сучасным светам.

Прыхільнікі ліберальнага падыходу да хрысціянскай ідэнтычнасці,здаецца, настолькі захопленыя ідэалам чалавечнасці, узаемаразумення паміж людзьмі, што дзеля гэтага гатовыя змяняць асновы веры, толькі б ісці ў нагу з кан’юнктурай сучаснасці. Недаацэнка каталіцкага вучэння аб сапсаванасці чалавечай натуры ў выніку першароднага граху, прыводзіць многіх прыхільнікаў ліберальнага хрысціянства да сузірання чалавека як свавольнага і самадастатковага. У практыцы ж такі падыход заканчваецца тым, што дыялог са светам фактычна ператвараецца ў няспыннае дастасаванне коштам ламання ўласнай ідэнтычнасці дзеля ідэі секулярна разуметай талерантнасці паміж людзьмі,якім Бог, фактычна, перашкаджае.








All the contents on this site are copyrighted ©.