2010-11-26 18:15:12

Homo caritatis. Сацыяльнае навучанне Яна ХХІІІ


Папа Ян ХХІІІ запомніўся сваім сучаснікам перш за усё радыкальнай адкрытасцю свайго характара. Гэты Папа імкнуўся пазбавіцца вобразу Пантыфіка, як чалавека, які валадарыць з-за сценаў свайго палацу і не ведае чым жыве ягоны народ. Таму адным з першых крокаў Пантыфіка былі ягоныя, часта імправізаваныя, візіты да звычайных людзей, каб убачыць і зразумець іх штодзённыя праблемы і клопаты. Ян ХХІІІ быў першым Папам, які наведаў шпіталь, каб паразмаўляць там з хворымі. Ён быў першым, хто наведаў турму, каб запэўніць зняволенных у сваёй малітве і ўмацаваць іх у надзеі. Газеты таго часу пісалі аб тым, як Папа прывітаў жонку амерыканскага прэзідэнта па імені, а не выкарыстоўваючы традыцыйныя пратакольныя формы звароту такія як “міс, мадам...”

Такія паводзіны Пантыфіка былі вельмі сімвалічнымі – можна правесці паралель з усім Касцёлам, які пачаў выходзіць насустрач усім людзям на зямлі, незалежна ад іх сацыяльнага статусу, веры, расы ці ідэалогіі. Прыклад такой адкрытасці стаў прыкладам для кожнага католіка на зямлі. Не замыкацца ў сваёй веры, не рабіць яе тым, што рэалізуецца толькі ў пэўных асяродзях, але жыць гэтым дарам. Евангелле і вера мае вельмі вялікі патэнцыял і здольныя перамяняць усе сферы чалавечага жыцця. Каб зрабіць гэтае грамадства лепшым католікі павінны ісці насустрач ягоным праблемам, несправядлівасцям і беднасці, і несці веру і Евангелле у тыя месцы у нашым штодзённым жыцці, дзе яны не могуць патрапіць без іх.

Ведаючы аб такой адкрытасці характара Пантыфіка не здзіўляе той факт, што менавіта ён, праз некалькі месяцаў пасля абрання на пасад св. Пятра абвясціў аб неабходнасці склікання Другога Ватыканскага Сабору, на якім былі прыняты шматлікія рашэнні, якія датычыліся адносінаў Касцёла з сучасным светам.

Падчас падрыхтоўкі Сабору Папа Ян ХХІІІ напісаў энцыкліку, якая называецца “Mater et Magistra” (Маці і настаўніца). Гэтымі словамі Папа акрэсліў тую ролю, якую Касцёл выконвае ў свеце выходзячы яму насустрач. “Маці і настаўніца, таму, што не толькі нараджае дзяцей, але іх выхоўвае, наследуючы прыклад Хрыста – Настаўніка і Пастыра. І такім чынам, у праўдзе, у справядлівасці і ў любові Касцёл працягвае выконваць місію, якую атрымаў ад Хрыста для пабудавання разам з усімі людзьмі сапраўднай еднасці, якая натхняецца ад аднаго сэрца і адной душы”.

Тэкст энцыклікі быў напісаны такім чынам, каб быць зразумелым кожнаму чытачу, нават вельмі далёкаму ад Касцёла. Яна была напісана ў вельмі не складанай форме, жывой, лёгкай мовай, але, ў той жа час, утрымлівала вельмі глыбокі змест.

На пачатку энцыклікі Папа ўзгадвае і аналізуе тыя тэмы, аб якіх казалі ягоныя папярэднікі на Пасадзе св. Пятра, але таксама адзначае вельмі хуткую трасфармацыю света і з’яўленне шэрагу новых праблем.

Побач з праблемамі рабочых і індустрыяльнай рэвалюцыяй з’явіліся новыя праблемы, такія як: праблема заняпаду вёсак або пытанне былых каланіяльных краін, якія пачалі сваё незалежнае развіццё, Папа закрануў таксама праблему дэмаграфічнага росту і перспектывы сусветнага эканамічнага супрацоўніцтва.

Напрыканцы энцыклікі Папа даў рэкамендацыі да католікаў, якім чынам яны павінны разглядаць гэтыя праблемы, як дзейнічаць перад гэтымі выклікамі часу. Папа заклікаў католікаў станавіцца актыўнымі ў грамадскім жыцці, аб’ядноўваўвацца ў арганізацыі і асацыяцыі, супрацоўнічаць з усімі людзьмі, незалежна ад іх рэлігійных і ідэалагічных поглядаў.

Яшчэ адной сацыяльнай энцыклікай гэтага Пантыфіка, з’яўляецца дакумент пад назвай “Pacem in terries” (Мір на зямлі). Гэтая энцыкліка прысвечана праблеме мірнага суіснавання. Яна з’явілася ў самы разгар халоднай вайны, у 1963 годзе, калі напружаннасць у адносінах паміж двума блокамі пагражала свету пачаткам новай сусветнай вайны з выкарыстаннем атамнай зброі.

Гэтая энцыкліка была адрасавана не толькі католікам, а “усім людзям добрай волі”. Таму яе стыль таксама быў зразумелы ўсім, незалежна ад рэлігійнай ці ідэалагічнай прыналежнасці.

Аб важнасці энцыклікі “Pacem in terries” сведчыць тое, што момант яе падпісання ўпершыню трансліраваўся па тэлебачанні. А яшчэ адным цікавым фактам, з’яўляецца тое, што аб ёй добра адазвалася Тэлеграфнае Агенцтва Савецкага Саюза - ТАСС, а таксама першы сакратар КПСС Нікіта Хрушчоў. У першыню камуністычны лідэр выказаўся пазітыўна аб Папе.

Энцыкліка з’яўляецца заклікам Папы да міру, да павагі правоў чалавека, да роўнасці паміж людзьмі і народамі, просьбай не парушаць гармнонію, якую стварыў на зямлі Бог, але клапаціцца аб ёй. Галоўны заклік Пантыфіка: шукаць тое, што нас аб’ядноўвае, а не тое, што падзяляе. Гэта датычыць і людзей, і нацый, і ўсіх палітычных блокаў і супольнасцяў.

Мы развітваемся з вамі да наступнага аўторка. Пахвалёны Езус Хрыстус!








All the contents on this site are copyrighted ©.